Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік старшыні камітэту Дзярждумы зноў заявіў, што Беларусь павінна ўступіць у вайну на баку Расеі


Канстанцін Затулін
Канстанцін Затулін

Атака Ўкраіны на Пскоў з выкарыстаньнем бесьпілётных лятальных апаратаў павінна заахвоціць Менск да поўнамаштабнага ўдзелу ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» на баку Расеі.

Пра гэта заявіў у інтэрвію расейскай радыёстанцыі «Говорит Москва» першы намесьнік старшыні камітэту Дзярждумы РФ у справах СНД, эўразійскай інтэграцыі і сувязяў з суайчыньнікамі Канстанцін Затулін.

Ён ня выключыў, што на шляху з Украіны да Пскова дроны маглі праляцець празь беларускую тэрыторыю, а гэта «падстава для высноваў і для Беларусі, і для Расеі».

На думку Затуліна, ад удзелу Беларусі ў «спэцапэрацыі» «моцна залежыць» яе посьпех, бо з гэтай тэрыторыі можна нанесьці «паражальны ўдар» па сталіцы Ўкраіны.

«У рэшце рэшт, Кіеў ня так далёка ад беларускай мяжы, і досьвед такога кшталту ёсьць. Зь яго трэба зрабіць выснову, і, магчыма, калі ўсялякія іншыя спосабы дасягненьня мэтаў і перамогі маюць большыя выдаткі, трэба на гэта пайсьці», — сказаў дэпутат Дзярждумы.

«Беларусь, як бы яна ні заяўляла, што не зьбіраецца браць удзел у „спэцапэрацыі“... Усё больш падставаў для таго, каб Беларусь занепакоілася паводзінамі свайго суседа — Украіны. Больш, чым да гэтага часу», — дадаў Затулін.

У ноч на 30 жніўня вайсковы аэрадром у Пскове зазнаў масаваную атаку баявых дронаў. У выніку, паводле паведамленьняў шэрагу СМІ, былі выведзеныя з ладу чатыры вайскова-транспартныя самалёты Іл-76 Узброеных сілаў РФ.

31 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў аб пасьпяховым паражэньні цэлі «дальнабойным узбраеньнем» на адлегласьці 700 кілямэтраў.

7 чэрвеня Затулін заявіў, што Расея павінна дамагчыся больш актыўнага ўдзелу Беларусі ў вайне, што «было б карысна з улікам геаграфічнай блізкасьці».

«Калі не наўпрост, то гэтак жа, як і на першым этапе спэцыяльнай апэрацыі, Беларусь павінна даць сваю тэрыторыю для таго, каб нашыя Ўзброеныя сілы маглі з гэтай тэрыторыі апэраваць, калі такая неабходнасьць узьнікне. А яна, магчыма, узьнікне», — сказаў намесьнік старшыні думскага камітэту ў справах СНД.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG