«Беларускае грамадзтва ненавідзіць дыктатуру». Жонка Бяляцкага Натальля Пінчук выступіла на Нобэлеўскай канфэрэнцыі міру

Жонка нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук і прадстаўнікі ўкраінскага "Цэнтра грамадзянскіх свабодаў" Аляксандра Матвійчук і расейскага "Мэмарыялу" Ян Рачынскі, якія таксама атрымалі Нобэлеўскую прэмію. 31 жніўня 2023.
Жонка нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук і прадстаўнікі ўкраінскага "Цэнтра грамадзянскіх свабодаў" Аляксандра Матвійчук і расейскага "Мэмарыялу" Ян Рачынскі, якія таксама атрымалі Нобэлеўскую прэмію. 31 жніўня 2023.

Нобэлеўская канфэрэнцыя міру–2023 у Осла адзначае дасягненьні праваабаронцаў, вызначае рызыкі, зь якімі яны сутыкаюцца, і заклікае да дзеяньняў у падтрымку іхнай працы.

Сярод дакладчыкаў канфэрэнцыі — ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру Шырын Эбадзі, Рыгабэрта Мэнчу Тум, маладыя актывісты, а таксама прадстаўнікі трох ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году, у тым ліку жонка палітзьняволенага Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук.

Онлайн-трансьляцыя канфэрэнцыі даступная па спасылцы.

Натальля Пінчук заявіла на пачатку свайго выступу, што, на жаль, заходні сьвет цяпер рэдка заўважае Беларусь:

«Таму падкрэсьлю: Беларусь не Расея, і Лукашэнка не Беларусь. Але сапраўдная Беларусь — свабодная, адкрытая, якая робіць эўрапейскі выбар. Гэта тыя самыя „звычайныя людзі, якія зрабілі надзвычайныя рэчы“ ў 2020 годзе, зьдзівілі сьвет, калі мільёны беларусаў узялі ўдзел у мірных пратэстах супраць нахабна сфальсыфікаваных выбараў. І па-ранейшаму беларускае грамадзтва ненавідзіць дыктатуру, ніколі не пагадзілася на выкарыстаньне тэрыторыі краіны Расеяй для агрэсіі супраць нашых добрых суседзяў-украінцаў, супраціўляецца гэтаму як можа».

Жонка нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук і прадстаўнікі ўкраінскага "Цэнтра грамадзянскіх свабодаў" і расейскага "Мэмарыялу", якія таксама атрымалі Нобэлеўскую прэмію. 31 жніўня 2023.
Жонка нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук і прадстаўнікі ўкраінскага "Цэнтра грамадзянскіх свабодаў" і расейскага "Мэмарыялу", якія таксама атрымалі Нобэлеўскую прэмію. 31 жніўня 2023.

Натальля расказала пра свайго мужа, Алеся Бяляцкага: у 2021 годзе ён ведаў, што яго рана ці позна арыштуюць ізноў, аднак адчуваў сябе маральна абавязаным рабіць усё дзеля вызваленьня ўжо ўвязьненых калегаў-праваабаронцаў і паказваць прыклад іншым.

«Пасьля арышту ўбачыць яго мне дазволілі толькі праз год. Спатканьне было праз шкло. Алесь быў вельмі пазытыўны і аптымістычны, але разумеў, што яму пагражае. Ня ведаю, калі мы ўбачымся зноў. Але яго маральна не зламаюць, бо ён мае пачуцьцё місіі. Яно дапамагло Алесю вытрымаць 10 гадоў таму папярэдняе лукашэнкаўскае зьняволеньне і падтрымлівае ягоны дух цяпер, калі ён у турме перасягнуў 60-гадовы ўзрост. Бо Алесь Бяляцкі з самага юнацтва, з часоў камуністычнай дыктатуры, прысьвяціў жыцьцё барацьбе за фундамэнтальныя правы чалавека — права быць свабодным, права выбіраць уладу, права быць сабой».

Паводле Натальлі Пінчук, дыктатура Лукашэнкі, каб дагадзіць пуцінскай Расеі, працягвае адбіраць у беларусаў усе правы, у тым ліку права на ідэнтычнасьць:

«Закрытыя тысячы грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку ўсе, якія займаюцца адраджэньнем нацыянальнай культуры і мовы. Зьняволеныя пэдагогі, пісьменьнікі, журналісты, музыканты і мастакі. Так расчышчаецца прастора для выкарыстаньня Беларусі як пляцдарму для расейскага рэваншызму.

Беларускія праваабаронцы і іншыя адважныя людзі ў лукашэнкаўскіх вязьніцах узятыя ў палон. За жаданьне бачыць сваю краіну свабоднай ад дыктатуры і расейскага паняволеньня».

​
XS
SM
MD
LG