Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыўся 80-ты Вэнэцыянскі кінафэстываль


У Вэнэцыі адкрыўся юбілейны, 80-ты кінафэстываль. Цырымонія пачалася з уручэньня «Залатога льва Сьвятога Марка» за ўнёсак у сусьветнае кінамастацтва і кар’ерныя дасягненьні рэжысэркі фільму «Начны парцье» (1974) Ліліяне Кавані.

Падрабязнасьці — у рэпартажы журналіста рускай службы Радыё Свабода Андрэя Лутракіна.

Вэнэцыянскі фэстываль сёлета першы сярод усіх сваіх канкурэнтаў узьняўся да парадкавага нумара 80. Ён сапраўды старэйшы за ўсе астатнія. Прыгадваць аб мінулым кінематографа будуць энтузіясты праграмы «Вэнэцыянская клясыка». Яны змогуць паглядзець аўтарскую вэрсію «Андрэя Рублёва» Андрэя Таркоўскага, «Цені забытых продкаў» Сяргея Параджанава, «Дні жніва» Тэрэнса Маліка і «Паляваньне» Карласа Саўры.

Некалькі старых карцін ілюструюць тэму супрацоўніцтва выбітных рэжысэраў і актораў — «Партрэт Джыны» Орсана Уэлса з Джынай Лалабрыджыдай, «Самая прыгожая» Лукіна Вісконці з Ганнай Маньяні, «Стварэньне» Аньес Варда з Катрын Дэнёў.

Адзін з самых яскравых прыкладаў такога супрацоўніцтва — праца Шарлоты Рэмплінг з Ліліянай Кавані над жаночым вобразам у фільме «Начны парцье». Самым кранальным момантам цырымоніі адкрыцьця стала ўручэньне «Залатога льва» за карʼеру 90-гадовай Ліліяне Кавані. Каб уручыць гэтую ўзнагароду, на сцэну выйшла Шарлота Рэмплінг. Сустрэча дзьвюх выдатных жанчын стала цудоўным зачынам фэстывалю, а ў гэты ж дзень паказалі новы фільм Кавані «Парадак часу». Адну з галоўных роляў у гэтым фільме пра «канец сьвету» сыграла Ксенія Рапапорт.

Яшчэ некалькі вэтэранаў кінематографу прадставілі свае новыя працы: гэта перш за ўсё Вудзі Ален і Раман Паланскі. Першы зьняў карціну «Вялікая іронія» у Парыжы з групай францускіх актораў, а другі паставіў «Палац» — гратэск аб навагоднім зборышчы мільянэраў і тусоўшчыкаў; гэта яшчэ адна вэрсія «канца сьвету». Яшчэ адзін вэтэран Уільям Фрыдкін крыху не дажыў да прэмʼеры свайго фільма «Ваенны трыбунал па справе аб мяцяжы на „Кейне“»: яго таксама пакажуць у Вэнэцыі па-за конкурсам.

Галоўная конкурсная праграма робіць дваістае ўражаньне. Ледзь не палову яе складаюць байопікі — фільмы-біяграфіі знакамітых асобаў. «Ферары» Майкла Манна распавядае пра знакамітага гоншчыка і заснавальніка культавага брэнда, «Маэстра» Брэдлі Купера — пра кампазытара і дырыгента Леанарда Бэрнстайна, «Прысцыла» Сафіі Копалы — пра жонку Элвіса Прэсьлі і пра яго самога. І нават «Граф» Пабла Лараіна таксама своеасаблівы байопік, герой якога — Аўгуста Піначэт, выведзены ў вобразе няўміручага вампіра.

Зь іншага боку, у вэнэцыянскім конкурсе ўдзельнічаюць фільмы модных і радыкальных рэжысэраў, такіх як Ёргас Ланцімас, Русукэ Хамагуці і Мішэль Франка. Нарэшце, у праграме ёсьць фантастычныя трылеры, коміксы і нуары — «Прадчуваньне» Бэртрана Банэла, «Догмэн» Люка Бесона і «Забойца» Дэвіда Фінчэра.

Як заўсёды, у конкурсе шырока прадстаўленае італьянскае кіно, італьянскі фільм быў паказаны і на адкрыцьці фэстывалю. Гэта «Капітан» Марка дэ Анджэліса. Ён узьнімае праблему этыкі і гуманізму ў эпохі зьнішчальных войнаў. Камандзір падводнай лодкі топіць варожы карабель, а потым, насуперак загадам начальства, ратуе чальцоў патопленага карабля. Справа адбываецца ў пачатку Другой сусьветнай вайны, але цалкам актуалізуецца ў сёньняшнім ваенна-палітычным кантэксьце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG