Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут не АМАП, я беспадстаўна „закрываць“ ня буду». Гісторыя былога вязьня бабруйскай калёніі


Іван (у цэнтры) па вызваленьні з Бабруйскай калёніі ў сьнежні 2022 года
Іван (у цэнтры) па вызваленьні з Бабруйскай калёніі ў сьнежні 2022 года

Былы палітвязень расказаў пра парадкі ў бабруйскай калёніі, дзе калісьці сядзеў нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі, а цяпер адбываюць тэрмін новыя палітычныя.

Іван (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) — былы супрацоўнік дзяржаўнай установы зь Менску, які ўжо паўгода жыве і працуе ў адной з эўрапейскіх краін. Пазалетась Івана асудзілі на паўтара года зьняволеньня за ўдзел у акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, а таксама за зьнявагу Лукашэнкі. Тэрмін Іван адбываў у бабруйскай калёніі № 2, пра якую гаворыць, што палітычных вязьняў там было амаль 10%. Жылося палітычным за кратамі больш складана, мяркуе Іван.

«Толькі трапіў у атрад — і адразу пасябраваў з „жоўтабірачнікамі“ (жоўтымі біркамі за кратамі пазначаюць асуджаных за палітыку. — РС). Адзін напісаў пра Лукашэнку ў Facebook „царок кардонны“, другі паставіў смайлік пад камэнтаром. Прычым зь іх ніхто не нанёс нікому матэрыяльнай шкоды, — расказвае Іван. — Нам было пра што пагаварыць, што ўспомніць. Пасябравалі на ўсё жыцьцё».

Паводле суразмоўцы, «палітычным» не рабілі ніякіх патураньняў. Як і іншых, каралі за парушэньні ў форме адзеньня, нявыкананую працоўную норму ці за памылкі ў вопісе рэчаў. Некаторых «прэсавалі» асабліва. Але былі і тыя, каму шанцавала пазьбегнуць сур’ёзнага пакараньня, прызнаецца суразмоўца.

«Мяне за 7 месяцаў калёніі ў ШЫЗА так і не пасадзілі. З надуманай прычыны толькі пазбавілі доўгатэрміновага спатканьня, і ўсё. Начальнік атраду адразу сказаў: «Тут ня менскі АМАП, я цябе беспадстаўна закрываць ня буду. Толькі калі сапраўды правінісься. І слова стрымаў», — успамінае Іван.

Некаторым «калегам» Івана па вязьніцы давялося ў ШЫЗА пасядзець, і ня раз, кажа ён. Умовы ў бабруйскім ШЫЗА цяжкія, на чалавека ўвесь час ціснуць, пагражаюць пакараньнем, нэрвы маглі ня вытрымаць, мяркуе палітвязень і прыгадвае гісторыю, якая адбылася на яго вачах.

«Аднойчы стаў сьведкам, як чалавек з майго атраду падчас сьняданку раптам падняўся і пачаў біць у твар нарыхтоўшчыка (так у бабруйскай калёніі называюць тых, хто раздае міскі зь ежай і потым зьбірае са сталоў брудны посуд. — РС) Да месца бойкі ўжо пасьля двух удараў падскочылі ахоўнікі і скруцілі абодвух. Потым кожнаму далі па 20 дзён ШЫЗА, а таго, хто біўся, перавялі ў іншы атрад. Казалі, што нападніку не спадабалася, як нарыхтоўшчык ягоную міску забраў. Карацей, здалі ў чалавека нэрвы», — расказаў Іван.

Суразмоўца зрабіў выснову, што магчымыя канфлікты паміж асуджанымі адміністрацыя спрабуе перадухіляць.Прыкладам, правакуюць праз «агентаў» сварку і ў выніку абодвух удзельнікаў канфлікту адпраўляюць у ШЫЗА, а потым у іншыя атрады. Стрыманыя і асьцярожныя людзі на такое не паддаюцца, але знаходзіцца ў такіх умовах доўга — цяжкае выпрабаваньне, могуць здаць нэрвы ў любога. Летась у ліпені адзін палітычны пераапрануўся ў цывільную вопратку і залез на дах корпусу, прыгадаў Іван.

«Можа, думаў перасядзець, а потым уцячы, але яго хутка знайшлі. Потым ва ўсіх „жоўтабірачнікаў“ прайшлі вобшукі, у нас пазабіралі амаль усю цывільную вопратку і некаторыя рэчы, якія раней былі дазволілі. А таго хлопца мы больш ня бачылі, пра яго нічога ня чулі», — кажа Іван. Ён думае, што пасьля ШЫЗА асуджанага перавялі ў крытую турму.

«Бунт» праз выбары

Тры гады таму ў бабруйскай калёніі адбыўся інцыдэнт, пра які вязьні дагэтуль баяцца расказваць уголас. А калі адважваюцца, дык не называюць бунтам, але прызнаюць, што да тых падзей спрычыніліся прэзыдэнцкія выбары. Пра тое, што адбывалася ў жніўні 2020 году ў калёніі № 2, Іван пачуў ад сяброў, якім давярае.

«Расказвалі, што, пачынаючы зь сярэдзіны жніўня, у калёнію пачалі даходзіць зьвесткі пра гвалт, які міліцыянты ўчынілі над пратэстоўцамі пасьля выбараў. Пра тое, што адбывалася ў ізалятары на Акрэсьціна, у райаддзелах міліцыі, на вуліцах гарадоў: біцьцё, гвалт, пра першых застрэленых і знойдзеных нібыта павешанымі. Былі ж званкі, лісты, спатканьні, сустрэчы з адвакатамі, і гэтак паступова зьвесткі даходзілі. Хлопцы абурыліся і ў адзін з вечароў пасьля адбою адразу ў трох сэктарах не ляглі спаць, а выйшлі ў лякальную зону і некалькі гадзінаў там заставаліся насуперак загаду аховы разысьціся», — распавёў Іван.

Са словаў сяброў Івана, у тых падзеях маглі браць удзел некалькі соцень чалавек. Неўзабаве пратэстоўцы выставілі свае патрабаваньні.

«Казалі, што ніякіх палітычных патрабаваньняў няма, толькі просяць дакладнай інфармацыі. Што тэлевізар пра надзвычайныя падзеі ў краіне маўчыць, нібыта ўсё добра, але рознымі неафіцыйнымі шляхамі даходзяць іншыя зьвесткі. Дык дзе праўда? Нават прасілі запрасіць у калёнію для размовы журналістаў незалежных выданьняў. Маўляў, мы іх самі распытаем, бо нікому больш няма веры. Непакоімся за сваіх родных на волі, гэта галоўнае», — сьцьвярджае суразмоўца.

У выніку, як расказалі Івану, журналістаў у калёнію так і не запрасілі. Але да хлопцаў, якія працягвалі маўклівы пратэст, дапусьцілі некалькіх актывістак грамадзкай ініцыятывы «Маці 328». З дапамогай жанчын эмоцыі крыху сьцішыліся і да горшага не дайшло, кажа Іван.

«Побач ужо стаяла „рэзэрва“ — вайскоўцы са зброяй, гатовыя па загадзе ўварвацца і пачаць страляніну. І тады ўжо б не разьбіралі, хто вінаваты, а хто ні пры чым. Але ў выніку неяк „спусьцілі на тармазах“. Паколькі бунту ў чыстым выглядзе не было, таму і ўнутраных войскаў ня ўводзілі. Аднак потым „разбор палётаў“ усё роўна правялі. Хлопцы казалі, што нікога ня білі, але вызначылі завадатараў і зьмясьцілі тых у ШЫЗА. А потым перавялі некаторых у крытую турму. Гэтым усё скончылася», — падсумаваў Іван падзеі 2020 году. І дадаў, што пасьля іх замянілі начальніка калёніі. Цяперашні, паводле Івана і ягоных былых таварышаў, больш уважліва ставіцца да інтарэсаў асуджаных.

Чырвоная калёнія

Усяго, паводле Івана, у бабруйскай калёніі каля 2 тысяч асуджаных, якіх трымаюць у 25 атрадах. Усе атрады і сэктары маюць нумары, але некаторыя яшчэ і мянушкі.

«Прыкладам, ёсьць „драконка“. Так завецца сэктар каля сталовай. Але гэта не таму, што там жывуць цмокі, а таму, што іх найчасьцей „драконяць“ (правяраюць)», — тлумачыць Іван дзіўную назву.

Паводле суразмоўцы, калёнія ў Бабруйску — тыповая паказальная папраўчая ўстанова, куды часта едуць праверкі з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. «Гэта так званая „чырвоная“ калёнія, у якой парадкі выключна міліцэйскія, крымінальнікі тут ня маюць ніякага ўплыву».

А яшчэ «двушку» (так зьняволеныя завуць сваю калёнію № 2. — РС) любяць наведваць прадстаўнікі розных грамадзкіх арганізацый, якіх Іван лічыць «фэйкавымі», праўладнымі. І кажа, што ў рэальнасьці яны ўмовы для асуджаных не зьмяняюць.

«Ёсьць у калёніі акцыі і для сваякоў — Дзень адчыненых дзьвярэй. Калі сваякам можна прыехаць у калёнію, туды прапусьцяць і нешта пакажуць, нават кашай турэмнай пачастуюць. Вядома, гэта таксама паказуха, але зьняволеным усё ж падабаецца, што да іх нехта прыяжджае. Гасьцям паказваюць памяшканьні, якія загадзя адрамантавалі. Маўляў, грошы на рамонт, што зьбіралі з бацькоў „наркаманаў“ і ад эканамічных, не раскрадзеныя. Праўда, у абодвух атрадах, дзе я сядзеў, у прыбіральнях нармальных унітазаў так і не паставілі, працягваюць карыстацца старымі, падлогавымі. А на час наведваньня вязьняў пераводзяць у клюб, каб не траплялі на вочы наведнікам, бо ці мала што», — кажа Іван. Ён асабіста пераканаўся, што з такіх сустрэч могуць быць і сюрпрызы.

Важны момант жыцьця ў калёніі — ежа, кажа суразмоўца. Пра сябе Іван прызнаецца, што ўвогуле да ежы не асабліва прыдзірлівы, таму тое, чым харчаваўся за кратамі, яго збольшага задавальняла.

«Часам давалі пяльмені. Супы і боршч былі нядрэнныя. Ва ўсякім разе, у параўнаньні з „Валадаркай“ значна лепшыя. Але ўсё астатняе, асабліва рыба, такой жа якасьці. Адна надзея на тое, што дакупіш нешта карыснае ў турэмнай краме ці перададуць з волі», — кажа пра харчаваньне за кратамі Іван.

Участак «імя Алеся Бяляцкага»

На «промцы» Іван працаваў у цэху, дзе ад мэталічных вырабаў аддзялялі гуму, якую потым адпраўлялі на перапрацоўку. Іван прызнаецца, што хацеў бы перавесьціся на іншы ўчастак, але не ўдалося. Вязьні іншых атрадаў, кажа суразмоўца, працавалі хто на вырабе драўляных рэчаў, а хто ў швейным цэху. Цяпер Іван ведае, што на «швейцы» ў пачатку 2010-х гадоў працаваў будучы нобэлеўскі ляўрэат, праваабаронца зь «Вясны» Алесь Бяляцкі. Ён шыў рукавіцы.

«Цяпер там шыюць целагрэйкі або шаўроны для супрацоўнікаў МНС. Але, магчыма, і рукавіцы ў асартымэнце засталіся», — кажа нядаўні сядзелец бабруйскай калёніі.

Пра тое, што Алесь Бяляцкі зноў за кратамі, Івану ў калёніі было вядома. Але дакладнага адрасу, у якую вязьніцу трапіў вядомы праваабаронца, ён ня меў.

Паводле Івана, у бабруйскай калёніі «на швейцы» вязьні ў месяц маюць амаль сярэдні заробак і з вылічэньнямі застаецца нямала па турэмных мерках, прыкладна па 20 рублёў.

«Нездарма сюды ставяць працаваць алімэнтшчыкаў і тых, у каго вялікія пазовы», — зазначае Іван. А вось у яго «на гуме» выходзіла ня больш за 2 рублі на месяц. І праца была цяжкая ды брудная.

«Чытаў па-беларуску Гары Потэра»

З добрага пра жыцьцё ў калёніі Іван успомніў хіба толькі бібліятэку, дзе знайшоў шмат цікавай гістарычнай літаратуры ды дастаткова кніг па-беларуску. «У тым ліку прачытаў кнігі пра Гары Потэра на роднай мове», — кажа ён з гонарам.

Другой важнай для сябе падзеяй былы палітвязень адзначыў вывучэньне ангельскай мовы ў гуртку, які вёў міліцыянт у званьні маёра.

«Той гурток быў найлепшай „актывіці“ сярод прапанаванага адміністрацыяй. Плюс вельмі карысны для будучага жыцьця. А яшчэ ў калёніі польская ў вялікай пашане», — адзначае Іван.

Цяпер здабытыя веды ў ангельскай мове дапамагаюць Івану працаваць за мяжой. А зь Менску ён выехаў ужо праз два месяцы па вызваленьні, бо знайсьці добрую працу было немагчыма.

«Пры маёй вышэйшай адукацыі і досьведзе працы ў дзяржаўнай установе нічога ня мог знайсьці, бо як былога палітычнага нікуды па спэцыяльнасьці не бралі. На біржы асабіста кіраўнік раённай адміністрацыі прапаноўваў месца дворніка ў ЖКГ. Гэта ўсё. Тады я і вырашыў, што лепш патрываю за мяжой, але знайду годную працу. І пераехаў сюды. Як трымаюся? Яшчэ ў турме зрабіў выснову, што трэба разьлічваць не на фонды дапамогі, а найперш на сябе, на свае сілы і розум. Наступная пазыцыя, на каго варта спадзявацца — на сваякоў ды сяброў. Гэтак і жыву», — кажа эмігрант Іван.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG