Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Шарэнда-Панасюк спыніла галадоўку, Рубца зьмясьцілі ў ШЫЗА, Меркісу пакінулі прысуд бязь зьменаў


Палітзьняволены Алег Рубец. Архіўнае фота
Палітзьняволены Алег Рубец. Архіўнае фота

Па стане на 29 жніўня ў Беларусі 1496 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай.

Вярхоўны суд пакінуў бязь зьменаў прысуд журналісту Меркісу

Судзьдзя Вярхоўнага суду Ўладзімер Чаравач пакінуў апэляцыю палітвязьня Яўгена Меркіса без задавальненьня, пішуць праваабаронцы.

30 траўня Гомельскі абласны суд прысудзіў Яўгену 4 гады зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і ч. 3 арт. 361-1 КК («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).

Паводле выраку суду, Яўген нібыта адпраўляў тэлеграм-каналам зьвесткі аб перасоўваньні вайсковай тэхнікі. Таксама яны паведамляюць, што Меркіс працаваў для тэлеканалу «Белсат», які ўлады прызналі экстрэмісцкім.

Рубца зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА

У чэрвені 2022 году па рашэньні наваполацкай судзьдзі Вольгі Баліка палітзьняволенага пінчука Алега Рубца перавялі на 3 гады з калёніі ў жодзінскую турму № 8. У штрафным ізалятары за апошні год яго ўтрымлівалі амаль 200 сутак.

Цяпер сваякі палітвязьня напісалі ў сацсетках, што Алега зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА:

«Два месяцы!.. 60 сутак... 1440 гадзін... У адзіночцы, „каменным мяшку“!

Алег зноў у ШЫЗА. Безь перапіскі, званкоў, кніг. 24/7 сам са сваімі думкамі, марамі, надзеямі, расчараваньнямі, але не зламаны духам!!!»

Рубца затрымалі 10 жніўня 2020 году за ўдзел у пратэстах у Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Пры затрыманьні моцна зьбілі. 30 красавіка Алегу прысудзілі 5,5 года ў калёніі.

Шарэнда-Панасюк спыніла галадоўку

Патрабаваньні Паліны Шарэнды-Панасюк аб больш чалавечых умовах побытовага ўтрыманьня выкананыя, адзначае «Вясна». З Рэчыцкага ІЧУ Паліну перавялі ў СІЗА-3 Гомля, дзе яны будзе знаходзіцца да суду. Цяпер ёй зноў можна будзе дасылаць лісты, бандэролі і грашовыя пераводы.

Паліна павінна была выйсьці на волю мінулым летам, але яе асудзілі яшчэ на 1 год калёніі. У красавіку супраць жанчыны завялі ўжо новую справу — зноў за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG