Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінадукацыі патлумачылі, што будзе, калі дзеці прыйдуць на заняткі бяз школьнай формы


Вучні ідуць на заняткі ў менскую школу. Ілюстрацыйнае фота
Вучні ідуць на заняткі ў менскую школу. Ілюстрацыйнае фота

Вучань зможа прысутнічаць на занятках, ня маючы школьнай формы, аднак з бацькамі настаўнікі «правядуць працу».

«Адназначна так. Ня маюць права не пусьціць», — сказала БЕЛТА начальніца ўпраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Ірына Каржова ў адказ на пытаньне, ці пусьцяць ва ўстанову адукацыі дзіця бяз школьнай формы.

Пры гэтым далей пэдагогі будуць працаваць з бацькамі гэтага вучня, зьвяртаючы ўвагу на тое, як можа адчуваць сябе дзіця ў калектыве. У выпадку неабходнасьці прапануюць матэрыяльную дапамогу, сказала яна. У школу пусьцяць і безь зьменнага абутку.

«Пусьцяць, вядома, але зноў жа — будуць працаваць з бацькамі», — сказала Ірына Каржова.

Яна зьвярнула ўвагу на тое, што бацькі, прыходзячы на працу ў зімовых ботах, пераабуваюцца, бо праводзіць у іх цэлы дзень у памяшканьні нязручна і нездарова.

«Тут як і з харчаваньнем: можна адмовіцца. Але ў той жа час трэба растлумачыць, што для здароўя дзіцяці зьесьці гарачы суп лепш, чым булачку з сокам», — сказала Каржова.

У Міністэрстве адукацыі з 2022 году рэкамэндуюць школьнікам захоўваць дзелавы стыль у адзеньні, кожная школа можа ствараць свой індывідуальны вобраз формы для вучняў, які выбіраюць разам школьная адміністрацыя і бацькі навучэнцаў. Сярод найбольш папулярных — камізэлькі, гальштукі і хусткі.

Менгарвыканкам заплянаваў з 2024 году адзець усіх менскіх школьнікаў у аднолькавую форму з чырвона-зялёнай сымболікай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG