На думку кіраўніка беларускага замежнапалітычнага ведамства Сяргея Алейніка, ЭАЭС, ШАС і БРІКС — саюзы дзяржаў-аднадумцаў, якія «праводзяць адзіную лінію на разьвіцьцё».
«Спалучэньне гэтых структур магло б паскорыць працэсы пабудовы справядлівага інклюзіўнага шматпалярнага сьвету», — сказаў Сяргей Алейнік тэлеканалу АНТ, яго словы прыводзіць «Зеркало».
Ідэю правесьці сумесны саміт для краін – сяброў трох арганізацый выказаў Аляксандар Лукашэнка ў Бішкеку ў сьнежні 2022 году. Цяпер Алейнік агучыў яе зноў.
«Упэўнены, што такая ініцыятыва атрымае разьвіцьцё і дасьць магчымасьць лідэрам гэтых аб’яднаньняў абмеркаваць аб’яднаўчы парадак дня, накіраваны на ўстойлівае эканамічнае разьвіцьцё, на стварэньне лепшых умоў для гандлю, дабрабыту нашых грамадзян і разьвіцьця нашых краін», — падкрэсьліў Алейнік.
Беларусь удзельнічала ў саміце БРІКС у Ёганэсбургу, Алейнік узначальваў дэлегацыю краіны. Таксама стала вядома, што Беларусь падала заяўку на ўступленьне ў арганізацыю, аднак у садружнасьць прынялі шэсьць новых краін, але не Беларусь.
Тым часам міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў адказаў на пытаньне, ці здолее БРІКС стаць альтэрнатывай G20. Ён ня лічыць, што існуе неабходнасьць у гэтым. Пры гэтым падкрэсьлівае, што пазыцыі пашыранага БРІКС у «дваццатцы» ўзмоцняцца дзякуючы прыёму ў сябры Аргентыны і Саудаўскай Арабіі.
«Фармальны падзел G20 на G7 і „БРІКС плюс“ цяпер набывае практычныя рысы», — дадаў Лаўроў.
БРІКС (BRICS) — міждзяржаўнае аб’яднаньне пяці краін: Бразыліі, Расеі, Індыі, Кітаю і ПАР. Абрэвіятура ўтворана з пачатковых літар у назвах гэтых дзяржаў. Арганізацыю стварылі ў чэрвені 2006 году, на гэты момант адбылося 15 яе самітаў. З 1 студзеня 2024 году да арганізацыі далучацца Саудаўская Арабія, ААЭ, Іран, Этыёпія, Эгіпет і Аргентына.
ШАС — Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. У склад ШАС уваходзяць Расея і 8 дзяржаваў Азіі: Індыя, Іран, Казахстан, Кітай, Кіргізстан, Пакістан, Таджыкістан і Ўзбэкістан. На 2022 год Сакратарыят ШАС месьціўся ў Пэкіне. Рэгіянальная антытэрарыстычная структура знаходзілася ў Ташкенце.
ЭАЭЗ — Мытны зьвяз Эўразійскага эканамічнага зьвязу — адзіная мытная прастора, створаная 6 ліпеня 2010 году ў выніку Менскай дамовы аб Мытным кодэксе. У арганізацыю ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея.
G20 — вялікая двадцатка. Фармат міжнародных нарад міністраў фінансаў і кіраўнікоў цэнтральных банкаў, якія прадстаўляюць 20 эканомік: 19 найбуйнейшых нацыянальных эканомік і ЭЗ.