Кая Калас заявіла, што не зьбіраецца пакідаць пасаду прэмʼер-міністаркі Эстоніі праз скандал, зьвязаны зь бізнэсам яе мужа, пішаPostimees.
«Я не пляную сыходзіць у адстаўку, я як прэмʼер-міністарка стаяла і буду стаяць за свабоду Ўкраіны і Эстоніі», — сказала Кая Калас.
На думку Калас, за санкцыйныя тавары трэба караць, астатні бізнэс — гэта «пытаньне маральнага компасу». Яна падкрэсьліла, што яны з мужам працоўных пытаньняў дома не абмяркоўваюць, а што тычыцца крэдыту, які Калас дала фірме мужа, то гэтыя грошы, паводле прэмʼер-міністаркі, фірма выкарыстоўвала разам зь іншым капіталам для розных фінансавых інвэстыцый, і на гэты момант усю сума крэдыту ўжо вярнулі.
- Нацыянальная тэлевізія Эстоніі ў сваім расьсьледаваньні высьветліла, што мужу прэмʼер-міністаркі Эстоніі Арва Халіку належыць мінарытарная доля ў Stark Logistics, якая пасьля расейскай вайны ва Ўкраіне працягвае займацца перавозкамі ў Расею. Паводле гендырэктара кампаніі, Stark Logistics атрымала ад перавозак у Расею зь лютага 2022 году больш за 1,5 млн эўра.
- Расьсьледаваньне выклікала шырокі рэзананс у Эстоніі. Прэзыдэнт Эстоніі Алар Карыс заявіў, што Калас мусіць падрабязна адказаць на пытаньні пра кампанію свайго мужа, у якой знайшлі сувязі з Расеяй.
- У парлямэнце Эстоніі пачалі абмяркоўваць пытаньне аб магчымай адстаўцы Калас з пасады прэмʼер-міністра. Фракцыя Цэнтрысцкай партыі пачала перамовы зь іншымі парлямэнцкімі фракцыямі аб выражэньні вотуму недаверу Калас.
- «Скандал з Каяй Калас нанёс сурʼёзную шкоду іміджу эстонскай дзяржавы. Яна была адной з самых актыўных абаронцаў Украіны як у Эстоніі, так і ў Эўропе і падкрэсьлівала важнасьць увядзеньня і гарантыяў захаваньня санкцый. Яна таксама заклікала кампаніі выкарыстоўваць свой маральны компас. На жаль, кіраўнік ураду не паводзіла сябе так, як казала», — заявіў кіраўнік фракцыі Цэнтрысцкай партыі Танэль Кійк.
- Пасьля гэтага муж прэмʼер-міністаркі Эстоніі Каі Калас Арва Халік абвясьціў пра намер прадаць усе свае акцыі і выйсьці са складу рады дырэктараў кампаніі Stark Logistics, якая займаецца грузаперавозкамі ў Расею.
- У сьнежні 2022 году Калас казала, што «ня лічыць правільным» удзел эстонскіх дзяржаўных кампаній у перавозках тавараў, у прыватнасьці, нікелю, з Расеі, нават калі яны не падпадаюць пад санкцыі. У траўні 2023 году ў інтэрвію Financial Times яна адзначыла, што ёй даводзілася «ўмольваць» эстонскія кампаніі не дапамагаць з «шэрымі» пастаўкамі ў Расею падсанкцыйных тавараў.