Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: да Гундара не дайшла бандэроль, за лета ён тройчы быў у ШЫЗА


Палітычны вязень Уладзімер Гундар, архіўнае фота
Палітычны вязень Уладзімер Гундар, архіўнае фота

Паводле стану на 25 жніўня ў Беларусі 1481 палітвязень, прызнаны праваабарончай супольнасьцю. Паводле іншых падлікаў, колькасьць палітычных зьняволеных большая.

Сваякі палітвязьня Ўладзімера Гундара не выключаюць, што ён зноў трапіў у ШЫЗА, і спасылаюцца на некалькі важных прыкметаў.

«З 29 ліпеня няма ад яго лістоў. А тэлефанаваньне было таксама ў канцы ліпеня, першае і апошняе. У адміністрацыі калёніі нічога не тлумачаць, чаму такое працяглае маўчаньне. Сьцьвярджаюць, што ён у калёніі, а больш нічога. А тут яшчэ і бандэроль для яго вярнулася. Таму мяркуем, што, хутчэй за ўсё, зноў сядзіць у ШЫЗА», — кажуць сваякі палітзьняволенага.

Фігуранта «справы Аўтуховіча» Ўладзімера Гундара трэці месяц утрымліваюць у папраўчай калёніі № 2 у Бабруйску. Туды яго перавялі з горадзенскай турмы, пасьля таго як абласны суд адхіліў касацыйную скаргу. Паводле падлікаў сваякоў, за лета бязногага інваліда Ўладзімера Гундара ўжо тройчы каралі адседкай у ШЫЗА. Меркаваная цяперашняя — чацьвёртая, лічаць сваякі палітвязьня.

У сваякоў Уладзімера Гундара няма дакладных зьвестак і пра тое, як ён цяпер пачуваецца.

«У апошнім лісьце на здароўе ня скардзіўся. Летась у горадзенскай турме ён на нешта перахварэў, нават трэсла ад высокай тэмпэратуры, але што гэта было, яму не сказалі. Цяпер піша толькі, што рэгулярна даюць таблеткі ад ціску, і больш нічога не дадае».

Уладзімер Гундар — фігурант так званай «справы аб тэрарызьме», у якой таксама асудзілі прадпрымальніка і праваабаронцу з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча. Як і Аўтуховіч, Гундар не прызнаў віны. Гундара асудзілі на 20 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Ўладзімера Гундара палітвязьнем.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG