Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапагандысты Лукашэнкі або ня вераць у сьмерць Прыгожына, або лічаць, што яго забілі замежныя спэцслужбы


Рыгор Азаронак. Каляж
Рыгор Азаронак. Каляж

Афіцыйныя СМІ ў Беларусі і прапагандысты Лукашэнкі вельмі сьціпла пішуць пра імаверную гібель кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Гэта моцна адрозьніваецца ад актыўнага асьвятленьня імі прыезду вагнэраўцаў у Беларусь і спробаў пераканаць, што для краіны іх прысутнасьць вельмі карысная.

Як адрэагаваў Лукашэнка?

Раней Лукашэнка называў Прыгожына сваім сябрам і казаў, што ведае яго дваццаць гадоў. Але ад першых паведамленьняў пра крушэньне самалёта, на якім нібыта знаходзіўся Яўгеній Прыгожын, мінулі амаль суткі, а Лукашэнка дагэтуль не адрэагаваў на навіну нумар адзін у сьвеце. Пры гэтым ён пасьпеў ужо з самага ранку правесьці нараду пра эфэктыўнасьць работы лясной гаспадаркі і абмеркаваць «даступнасьць піламатэрыялаў для насельніцтва».

Што пішуць ягоныя СМІ

Афіцыйныя СМІ ў сераду ўвечары таксама не сьпяшаліся паведамляць пра падзеі вакол крушэньня самалёта Прыгожына ў Цьвярской вобласьці.
Галоўнае друкаванае прапагандысцкае выданьне краіны «СБ. Беларусь сегодня» паведамленьне пра сьмерць Прыгожына апублікавала толькі пасьля 23:00. Гэта сьціплая інфармацыя, на тры кароткія абзацы, са спасылкай на «РИА Новости». Больш да навінаў аб Прыгожыну выданьне на момант публікацыі гэтага артыкула не вярталася. Пры гэтым на сайце за гэты час было апублікавана больш за сотню матэрыялаў, і нават навіна пра тое, што навукоўцы з Санкт-Пецярбургу распрацавалі сыстэму распазнаваньня стомленасьці па руху вачэй, заняла ў некалькі разоў больш месца, чым навіна аб Прыгожыну.

Не адрэагавалі на навіну нумар адзін і «блогеры» выданьня, якія рэагуюць звычайна нават на самыя дробныя навіны, заявы апазыцыйных палітыкаў або іх допісы ў сацыяльных сетках.

Дзьвюххвілінны сюжэт паказаў тэлеканал АНТ. У ім паўтарылі вядомую яшчэ ўчора інфармацыю пра падзеньне самалёта і сьледчыя дзеяньні. Але не было ніякай інфармацыі пра сувязі Прыгожына ў апошні час з Лукашэнкам, пра лягер у Асіповіцкім раёне ці стварэньне там Прыгожыным дзьвюх кампаній.

Лазуткін: Цяпер супернік паспрабуе выкарыстаць мёртвага Прыгожына

Адзіным выданьнем, якое прысьвяціла сьмерці Прыгожына больш месца, чым іншыя, стала газэта «Мінская праўда». Там апублікавалі артыкул за аўтарствам камуніста Андрэя Лазуткіна «Каму выгаднае падзеньне самалёта Прыгожына?». У ім Лазуткін выказаўся супраць вэрсіі, што да сьмерці Прыгожына мае дачыненьне ўлада Расеі. Аргумэнтам для аўтара зьяўляецца тое, што зьліквідаваць кіраўніка «Вагнэра» маглі яшчэ падчас мяцяжу ці пасьля яго ад’езду ў Афрыку. Больш сэнсу Лазуткін бачыць ва «ўкраінскім» і «францускім» сьлядах.

«Цяпер праціўнік паспрабуе скарыстаць мёртвага Прыгожына, каб падоўжыць канфлікт у расейскіх сілавых структурах, а як максымум — дамагчыся нейкіх рэцыдываў мяцяжу. Ня менш важная сьмерць Прыгожына і для ЗША і Францыі, якія цяпер змагаюцца за кантроль над Нігерам, а ў пэрспэктыве — над усёй Цэнтральнай Афрыкай. Гэта мог быць дэманстратыўны жэст запалохваньня, маўляў, ня лезьце ў нашу сфэру ўплыву», — піша Лазуткін.

Аўтар бачыць мала сэнсу і ў вэрсіях пра містыфікацыю сьмерці Прыгожына ім самім. Маўляў, зрабіць гэта можна было і іншымі сродкамі, «безь відавочнага ўдару па іміджы ўлады і асабіста расейскага прэзыдэнта». Падсумаваў свае думкі аўтар вэрсіяй пра датычнасьць праціўніка, які мае ў Расеі сваіх тэрарыстаў і дывэрсантаў.

«А калі дапусьціць, што гэта быў сплянаваны тэракт, тады паўстаюць пытаньні аб бясьпецы ўсяго вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расеі і першых асоб у РФ. Больш за тое, як мы бачым, ніякіх аналягічных тэрактаў ва Ўкраіне не адбываецца — гэта значыць, нават у дачыненьні да праціўнікаў Расея ня дзейнічае тымі мэтадамі, якія ёй цяпер прыпісваюць у дачыненьні да магчымай сьмерці Прыгожына», — лічыць Андрэй Лазуткін.

Азаронак, Шпакоўскі, Гайдукевіч...

Прапагандыст Рыгор Азаронак апублікаваў ад раніцы да 14:00 менскага часу 12 паведамленьняў у сваім тэлеграм-канале. Толькі адно зь іх прысьвечанае Прыгожыну. І то ня ўласнае, гэта перадрук іншага прапагандыста Лукашэнкі, Аляксандра Шпакоўскага. У допісе той тлумачыць, што «беларускія гарантыі аб’ектыўна могуць распаўсюджвацца толькі на тэрыторыю нашай краіны», і нагадаў, што «ўсе вагнэраўцы, у розны час дысьлякаваныя ў Беларусі, уключаючы Прыгожына і Уткіна, знаходзіліся ў поўнай бясьпецы».

«Па-трэцяе, уся дзейнасьць Прыгожына за межамі Беларусі знаходзілася па-за полем зроку і сфэрай адказнасьці беларускай дзяржавы. Ніякіх агульных праектаў, акрамя сумесных вучэбна-баявых мерапрыемстваў з падразьдзяленьнямі беларускай арміі і Ўнутраных войскаў, у афіцыйнага Менску і ПВК „Вагнэр“ не было.

І, па-чацьвёртае, адназначнай дакладнай інфармацыі, што Прыгожын і Уткін усё ж загінулі, па-ранейшаму няма», — піша Шпакоўскі.

Дапушчэньні, што паведамленьні пра сьмерць Прыгожына могуць быць хлусьнёй, выказваюць і блізкія да ўлады аналітыкі. Дзяніс Мельянцоў у сваім тэлеграм-канале піша, што «пакуль няма генэтычнай экспэртызы, застаецца імавернасьць таго, што Прыгожын выкарыстоўваў іншы самалёт, як ён часта рабіў раней, раптам мяняў барты перад вылетам».

«Калі вярхушка „Вагнэра“ ўсё ж загінула, то гэта, вядома, удар па інтарэсах РФ. У першую чаргу ў Афрыцы — там уплыў Расеі трымаўся амаль выключна на ПВК „Вагнэр“», — піша Мельянцоў.

Тым часам праўладны тэлеграм-канал «Белорусский силовик» увогуле апублікаваў паведамленьне, у якім сьцьвярджае, што Прыгожын жывы і што яго бачылі ў Малі.

Але ў гэта, бадай, слаба верыць прапагандыст Аляксей Дзермант:

«Спачуваю сваякам загінулых. Спадзяюся, што гэтыя трагічныя падзеі не паўплываюць на ўстойлівасьць расейскай дзяржавы. Ворагі вельмі жадаюць адваротнага», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.

У падобным ключы выказалася і Людміла Гладкая: «Спачуваю блізкім загінулых».

Ігар Тур з ОНТ яшчэ ўчора ўвечары падзяліўся ў сваім тэлеграме статусам іншага карыстальніка, у якім заклікаў «не сьпяшацца з высновамі, цела не знайшлі, не апазналі». Але праз гадзіну падзяліўся чарговым допісам пра пацьверджаньне ад «Росавиации».

Тэлеграм-канал ГУБАЗіКу пазаўчора зьедліва называў ПВК «Вагнэр» «рускім ГУБАЗіКам», але за апошнія суткі яго аўтары ніяк не адрэагавалі на гібель лідэра «вагнэраўцаў».

За памяць аб Прыгожыну вырашыў заступіцца Алег Гайдукевіч. Ён назваў «дэбіламі» і «дэгенэратамі» тых, хто радуецца ў сацыяльных сетках нечай сьмерці.

«Большасьць зь іх самі ня тое што ня здольныя ні трымаць у руцэ пісталет, ні дужацца, а пры відзе ўчастковага інспэктара міліцыі з гумовай дубінкай уцячэ, схаваецца і месяц будзе піць адаптол і заспакаяльнае. Інфантыльныя, нікчэмныя дзеячы інтэрнэту, якія пішуць камэнтары ў ложку ці на ўнітазе. Што б ні адбылося, трэба дачакацца афіцыйнага расьсьледаваньня. Выснова для мяне адна — Захаду не патрэбна моцная Беларусь і Расея, Захаду не патрэбен ні мір у Эўропе, ні мір у Афрыцы», — піша Гайдукевіч.

Ён заявіў, што пачалася вайна за рэсурсы і за перадзел сьвету, і заклікаў беларусаў быць «адзінымі, згуртаванымі і разумнымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG