Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Flightradar24 паведаміў падрабязнасьці падзеньня самалёта Прыгожына


Здымак зь месца падзеньня самалёта, на якім праўдападобна ляцеў Яўгеній Прыгожын, 23 жніўня 2023
Здымак зь месца падзеньня самалёта, на якім праўдападобна ляцеў Яўгеній Прыгожын, 23 жніўня 2023

Самалёт Embraer Legacy 600, які належаў кіраўніку ПВК «Вагнэра» Яўгенію Прыгожыну, разьбіўся ў сераду ўдзень у Расеі пад Цьверру пасьля вылету з Масквы.

Нягледзячы на тое, што самалёт абсталяваны апаратурай ADS-B, яго адсочвала сыстэма MLAT, каб вылічыць месцазнаходжаньне самалёта на аснове прыёму сыгналаў некалькімі прымачамі ў гэтым раёне, піша Flightradar24.

Прымачы ў сетцы Flightradar24 упершыню атрымалі зьвесткі з самалёта ў 17:46 маскоўскага часу. Да 18:20 самалёт падаваў сыгналы.

Нягледзячы на тое, што самалёт потым не перадаваў інфармацыі пра месцазнаходжаньне, трансьляваліся іншыя дадзеныя, такія як вышыня, хуткасьць, вэртыкальная хуткасць і налады аўтапілёта. Менавіта гэтыя дадзеныя даюць некаторае ўяўленьне пра апошнія моманты палёту.

Пасьля выраўноўваньня на вышыні 8534 м у 18:10 самалёт працягваў ляцець на роўнай хуткасьці да 18:19, пасьля чаго вэртыкальная хуткасьць рэзка зьнізілася, і самалёт ненадоўга зьнізіўся перад выхадам на максымальную вышыню ў 9174 м перад паніжэньнем да 8382 м. Канчатковыя зьвесткі з борту радары атрымалі ў 18:20:14, калі самалёт Прыгожына быў ужо значна ніжэй — на вышыні 6012 м.

Пасьля гэтага ўся сувязь з бортам зьнікла, а неўзабаве ён разьбіўся.

Паводле зьвестак «Росавіяцыі», Яўгеній Прыгожын быў сярод пасажыраў самалёта.

  • ПВК «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не знаходзіцца ў прамым падпарадкаваньні Мінабароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі. Вагнэраўцы бяруць ці бралі ўдзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Яўгеній Прыгожын неаднаразова публічна крытыкаваў Міністэрства абароны Расеі і асабіста Сяргея Шайгу, у тым ліку за адмову выдаваць боепрыпасы.
  • Увечары 23 чэрвеня Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Мінабароны РФ і Генштабу ў некампэтэнтнасьці ў вайне ва Ўкраіне і абвясьціў пра паход на Маскву. Мяцеж вагнэраўцаў працягваўся крыху менш за суткі. Бліжэй да ночы 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» і ўлады Расеі нібыта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі дасягнулі дамоўленасьцяў, і марш наймітаў у бок Масквы быў спынены.
  • Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
  • Уладзімір Пуцін пасьля мяцяжу вагнэраўцаў заявіў, што «ўсе, хто сьвядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў збройны мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных мэтадаў, панясуць немінучае пакараньне». «Той, хто арганізаваў і рыхтаваў вайсковы мяцеж, хто падняў зброю на баявых таварышаў, — здрадзілі Расеі. І адкажуць за гэта», — сказаў ён.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG