«Нечакана і без апавяшчэньняў. На жаль, SaveUs ліквідуюць па рашэньні Мін'юста без тлумачэньня прычын. Выйшла так, што найбуйнейшая зоаабарончая арганізацыя і фандрайзінгавая пляцоўка краіны не патрэбная ў Беларусі.
⠀
SaveUs ня меў ні капейкі дзяржаўнага фінансаваньня, ён ня браў ні капейкі камісіі, ні разу ня ладзіў збораў на адміністрацыйныя выдаткі, сам пакрываў камісію эквайрынгу (47 600 рублёў за ўвесь час). І другога такога праекту ўжо дакладна ня будзе», — гаворыцца ў паведамленьні арганізацыі.
Там адзначаюць, што рахункі арганізацыі ўжо замарожаныя і яна знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі.
«Немагчыма зразумець, каму перашкодзіла арганізацыя, якая ратуе тысячы жывёл, арганізацыя, якая зрабіла зоаабарону ў Беларусі самай тэхналягічнай і празрыстай ва ўсёй Эўропе», — з сумам канстатуюць арганізатары.
- За пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца ліпеня 2023-га (статыстыкі за жнівень пакуль няма) грамадзкі сэктар Беларусі страціў ня менш за 1372 некамэрцыйныя арганізацыі — гэта аб’яднаньні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы і асацыяцыі, гаворыцца ў аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.