Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча купіць у ЗША верталёты Apache на суму 12 мільярдаў даляраў

Урад ЗША ўхваліў угоду з Польшчай на пастаўку ёй баявых верталётаў AH-64E Apache, боепрыпасаў да іх і навучаньне польскіх лётчыкаў. Пра гэта заявілі ў Пэнтагоне. Агульная сума ўгоды — 12 мільярдаў даляраў.

У прэс-рэлізе Агенцтва па міжнародным супрацоўніцтве Пэнтагону ўказана, што гаворка ідзе аб куплі 96 верталётаў, 210 рухавікоў, а таксама разнастайнага абсталяваньня — радараў, оптыкі, сыстэмаў сувязі і іншага.

На час, пакуль будуць афармляцца дакумэнты і рыхтавацца пастаўкі, армія ЗША перадасьць Польшчы баявыя верталёты са сваіх рэзэрваў, — паведаміў міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак.

У красавіку 2022 году Польшча падпісала дамову з ЗША на пастаўку 250 танкаў Abrams на суму 4,75 мільярда даляраў, а ў студзені сёлета — на куплю дадатковых танкаў на 1,4 мільярда даляраў. Яна стала першай эўрапейскай краінай, якая прыняла Abrams на ўзбраеньне. Польшча таксама закупляе ўзбраеньні ў іншых дзяржаў Паўночнаатлянтычнага альянсу і ў Паўднёвай Карэі.

Пасьля пачатку ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году ўлады Польшчы паведамілі пра намер рэзка павысіць фінансаваньне сваіх Узброеных сіл, павялічыць колькасьць асабовага складу і мадэрнізаваць вайсковую тэхніку. Марыюш Блашчак у ліпені 2022 году заяўляў аб плянах стварыць «самае моцнае сухапутнае войска сярод эўрапейскіх краін NATO». Колькасьць войскаў павінна быць павялічаная са 150 тысячаў чалавек на момант пачатку вайны ва Ўкраіне да 400 тысяч.

Цяпер улады Польшчы занепакоеныя знаходжаньнем у Беларусі некалькіх тысячаў наймітаў ПВК «Вагнэр», у тым ліку іх зьяўленьнем у прымежных з Польшчай раёнах. Для ўмацаваньня мяжы зь Беларусьсю польскія ўлады будуюць дадатковыя ахоўныя збудаваньні і павялічваюць вайсковую прысутнасьць. Краіна мае намер давесьці колькасьць памежнікаў да 10 тысячаў чалавек.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG