Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вярталіся ад сына зь Літвы». Пры перасячэньні мяжы затрымалі наваполацкага стаматоляга і яго жонку


Стаматоляга-тэрапэўта Наваполацкай гарадзкой паліклінікі № 4 Аляксандра Грудніцкага і яго жонку затрымалі 21 жніўня пры перасячэньні літоўска-беларускай мяжы, паведаміла BPN крыніца, якая пажадала застацца неназванай.

«Яны вярталіся ад сына зь Літвы, іх затрымалі на беларускай мяжы. 22 жніўня Грудніцкі мусіў выйсьці на прыём пацыентаў, але гэтага не адбылося», — сказаў суразмоўца.

Прычына затрыманьня, статус і месцазнаходжаньне лекара і ягонай жонкі невядомыя.

У ліпеньскай справаздачы праваабарончага цэнтру «Вясна» пра факты адміністрацыйнага перасьледу гаварылася пра рост выпадкаў затрыманьня грамадзян на мяжы.

Па дадзеных праваабаронцаў, у чэрвені судовыя рашэньні былі прынятыя ў дачыненьні да 36 затрыманых на мяжы Беларусі. Пры гэтым 13 грамадзян былі затрыманыя на мяжы з Расеяй.

«Тыя, хто перасякае мяжу, сутыкаюцца з поўным надглядам рэчаў, допытамі супрацоўнікамі КДБ, праверкай тэлефонаў, — гаварылася ў справаздачы. — Іх просяць прад’явіць від на жыхарства, пасьля чаго фатаграфуюць і скануюць дакумэнты. Калі ў тэлефоне знойдуць „экстрэмісцкія“ рэпосты або падпіскі, фота ці відэа з пратэстаў, бел-чырвона-белую сымболіку, то чалавека здымаюць з аўтобуса, надзяюць кайданкі і адвозяць у найбліжэйшы ізалятар часовага ўтрыманьня да суду».

Усяго, паводле зьвестак «Вясны», у чэрвені суды прызначылі прынамсі 184 арышты і 151 штраф па палітычна матываваных адміністрацыйных справах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG