Пра гэта паведамляе партал «Зеркало».
Папаўненьне кашалька WebMoney у Беларусі больш недаступнае, паведаміў журналісту парталу як фізычнай асобе кансультант «Тэхнабанку». Гэты банк выступае апэратарам сыстэмы. Застаўся даступным толькі вывад сродкаў з электроннага кашалька. Выводзіць сродкі можна будзе яшчэ на працягу трох месяцаў з 21 жніўня — даты ўвядзеньня зьменаў.
Больш за тое, часова беларусы ня змогуць адкрыць новы кашалёк. Тлумачыцца, што гэтае абмежаваньне зьвязанае з правядзеньнем тэхнічных работаў.
Ці адновіцца магчымасьць папаўненьня электронных кашалькоў у гэтай сыстэме і калі беларусы зноў змогуць адкрываць новыя «рахункі», у кантакт-цэнтры ня ведаюць.
«Кампанія WebMoney працягвае сваю працу як плацёжная сыстэма ў Рэспубліцы Беларусь. У бліжэйшы час новая плацёжная сыстэма вэбмані будзе ўнесеная ў рэестар плацёжных сыстэм Беларусі, — паведамляе кампанія. — Усе кліенцкія праграмы вэбмані (Keeper, Enum і іншыя) працягнуць сваю працу ў звычайным штатным рэжыме».
Раней паведамлялася, што з 21 жніўня прыпыняецца эмісія электронных грошай у сыстэме WebMoney.
WebMoney — сыстэма электроннага разьліку. З дапамогай электроннага аналяга беларускага рубля — WMB — можна аплачваць камунальныя паслугі, рахункі за тэлефон і інтэрнэт, заказваць дастаўку ежы або рабіць пакупкі ў сеціве.