Былы прэмʼер-міністар жыў у добраахвотным выгнаньні з 2006 году. Апошні раз ён прыяжджаў у Тайлянд у 2008 годзе і стаў перад судом. Палітыка арыштавалі, але адпусьцілі на волю пад заклад, пасьля гэтага ён канчаткова пакінуў краіну. Суд завочна асудзіў Чынавата па шэрагу абвінавачаньняў, у тым ліку за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, ухіленьне ад выплаты падаткаў і карупцыю.
Чынават прыляцеў у Бангкок у аўторак — у гэты дзень парлямэнт сабраўся для галасаваньня па кандыдатуры новага прэмʼера Срэты Тавісіна, якога падтрымлівае партыя Чынавата. Тавісін у выніку займеў падтрымку парлямэнта і стаў новым прэмʼер-міністрам.
У аэрапорце Чынавата сустрэлі яго прыхільнікі. Раней малодшая дачка палітыка заявіла, што яе бацька не зьбіраецца займацца палітыкай. Аднак, як адзначае The New York Times, многія тайскія выбаршчыкі ня вераць у гэта.
Палітыка даставілі ў Вярхоўны суд, дзе яму зачыталі вынесеныя завочна прысуды, пасьля гэтага Чынавата перавезьлі ў турму. СМІ адзначаюць, што былы прэмʼер падасьць прашэньне аб памілаваньні, на якое ён можа разьлічваць у сувязі са старэчым узростам.
Чынават займаў пасаду прэмʼера Тайлянда з 2001 па 2006 год. У 2006 годзе група вайскоўцаў пад кіраўніцтвам галоўнакамандуючага сухапутнымі сіламі зьдзейсьніла пераварот, калі ён знаходзіўся на Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку.