Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я вельмі злая і не адступлюся». Карач зноў адхіліла абвінавачаньні ў супрацы з расейскай выведкай


Вольга Карач. Вільня, 22 жніўня 2023
Вольга Карач. Вільня, 22 жніўня 2023

Вольга Карач падчас прэс-канфэрэнцыі 22 жніўня ў Вільні заявіла, што не перадавала расейскаму боку ніякай інфармацыі і мае намер абараняць сваё імя.

Кіраўніца арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач прызнала, што супрацоўнікі літоўскай спэцслужбы Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі папярэджвалі яе аб кантактах з расейскай выведкай і што гэта адбылося вясной. Аднак яна падкрэсьліла, што не супрацоўнічала з выведкай Расеі.

«Я вельмі злая і не адступлюся. Я не спынюся, буду абараняць сваё імя і рэпутацыю, бо ведаю, што я не расейскі ці беларускі агент КДБ... Дэпартуйце мяне ў Беларусь, калі ласка. Паглядзіце, што будзе. Мяне нядаўна намінавалі на Нобэлеўскую прэмію (арганізацыю Карач „Наш дом“ толькі прапанавалі вылучыць на намінацыю. — РС). Успомніце Алеся Бяляцкага, яго таксама на яе намінавалі, і Літва перадала беларускаму рэжыму інфармацыю пра ягоныя рахункі (у 2011 годзе. — РС), ён трапіў у турму. Адчуваю, што мой выпадак падобны», — сказала сярод іншага Карач.

«Я зразумела, што сытуацыя небясьпечная, таму што беларускі рэжым наймае літоўцаў, каб шпіёніць за намі. Акрамя таго, Беларусь можа зьвярнуцца ў Інтэрпол з запытам аб экстрадыцыі, і гэты працэс можа быць распачаты ў любой краіне, бо я не знаходжуся пад абаронай». Гэта можа стварыць мноства праблем і заблякаваць маю праваабарончую дзейнасьць«, — заявіла яна.

Як паведамляе Bpn-info, Карач сказала, што да канца тыдня абскарджвае рашэньне аб адмове ў прадастаўленьні палітычнага прытулку. Пры гэтым яна адмовілася паказаць дакумэнт, у якім паведамляецца аб прычынах адмовы, растлумачыўшы гэта тым, што можна расцаніць як спробу ціску на суд.

Калі можа быць прызначаная дата судовага паседжаньня, Карач не ведае. З-за таго, што раней у Літве больш за 900 беларусаў былі прызнаныя пагрозай нацбясьпецы і ў іх анулявалі віды на жыхарства, суды зараз могуць быць загружаныя скаргамі па гэтых справах, лічыць яна.

«Апошнія, хто падавалі [скаргі] у ліпені, ім прызначылі разгляд ужо на лістапад», — сказала Карач.

Яна падкрэсьліла, што не мае намеру пакідаць Літву: «ДДБ мае дзьве опцыі — пакінуць мяне тут або дэпартаваць у Беларусь».

Вольга Карач раней расказала «Медузе», што літоўскія ўлады абгрунтавалі рашэньне тым, што яна брала інтэрвію ў заснавальніка Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі (ЛДПР) Уладзіміра Жырыноўскага, а таксама ўдзельнічала ў канфэрэнцыях у Расеі, у тым ліку арганізаваных Эўракамісіяй.

Вольга Карач даўно жыве ў Літве. Пакуль невядома, як доўга яна зможа заставацца ў краіне.

У чым вінавацяць Карач літоўскія ўлады

Нядаўна стала вядома, што ўлады Літвы адмаўляюць Карач у прытулку за яе супрацоўніцтва з расейскай выведкай, пісала агенцтва BNS.

Літоўскае агенцтва сьцьвярджала, што мае дакумэнт, у якім Дэпартамэнт дзяржбясьпекі Літвы выкладае гэтыя падазрэньні.

«Па зьвестках ДДБ, актывістка беларускай апазыцыі Вольга Карач, якая жыве ў Літве, супрацоўнічала з расейскай выведкай», — цытуе BNS дакумэнт.

У ім пазначана, што Карач нібыта наведвала тэрыторыю Расеі ў 2015–2019 гадах і сустракалася з прадстаўнікамі расейскай выведкі, падтрымлівала зь імі кантакт праз «абязьлічаныя сродкі сувязі», а таксама нібыта перадала расейскаму боку дакумэнты, якія зьмяшчаюць інфармацыю аб прадстаўніках беларускай апазыцыі.

Карач, згодна з дакумэнтам, «імкнулася заручыцца падтрымкай расейскага ўраду ў сваёй палітычнай дзейнасьці ў Беларусі і абмяркоўвала свае магчымыя палітычныя абавязаньні перад Расеяй з прадстаўнікамі расейскай выведкі».

«Прадстаўнікі расейскай выведкі клапаціліся аб іміджы Карач у Літве і за мяжой, давалі парады і прапановы аб дзейнасьці ў публічнай прасторы, папярэджвалі і інструктавалі, як зьнізіць рызыкі», — прыводзіць агенцтва яшчэ адну цытату.

У дакумэнце адзначаецца, што расейская выведка можа выкарыстоўваць сувязі з Карач для дзейнасьці, накіраванай супраць Літвы і яе інтарэсаў.

  • Вольга Карач — кіраўніца цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом».
  • КДБ Беларусі ў верасьні 2021 году ўнёс Карач у «сьпіс тэрарыстаў», а МУС Беларусі ў траўні 2022 году абвясьціла арганізацыю «Наш дом» «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG