18 жніўня суд прысяжных прызнаў Летбі вінаватай у забойстве сямі немаўлят у пэрыяд з чэрвеня 2015 па чэрвень 2016 году, калі яна працавала ў Бальніцы графіні Чэстэрскай. Яе таксама прызналі вінаватай у спробе забойства яшчэ шасьці немаўлят у нэанатальным аддзяленьні бальніцы.
Як піша BBC, у дачыненьні яшчэ да шасьці абвінавачаньняў, якія адносяцца да спроб забойства немаўлят, прысяжныя не змаглі вынесьці вэрдыкт. Пракуратура вырашае, ці стане патрабаваць паўторнага судовага разбору па гэтых эпізодах.
Па вэрсіі абвінавачаньня, Летбі забівала нованароджаных, уводзячы ім паветра шпрыцам. Яна таксама выкарыстоўвала такія мэтады, як перакормліваньне і атручэньне інсулінам.
Летбі адмовілася прысутнічаць у залі суду пры абвяшчэньні прысуду.
Як піша Бі-бі-сі, кіраўніцтва бальніцы, дзе адбываліся забойствы, своечасова не расьсьледавала абвінавачаньні ў адрас мэдсястры і спрабавала прымусіць лекараў замаўчаць. У прыватнасьці, кіраўнік бальніцы запатрабаваў ад лекараў пісьмова папрасіць прабачэньня ў Летбі і перастаць выстаўляць супраць яе абвінавачаньні.
Акрамя таго, паводле зьвестак выданьня, пра сьмерці немаўлят належным чынам не паведамлялася, у выніку чаго структуры Нацыянальнай сыстэмы аховы здароўя Вялікай Брытаніі не змаглі зьвярнуць увагу на незвычайна высокі ўзровень сьмяротнасьці ў бальніцы.
Летбі стала чацьвёртай жанчынай у Вялікай Брытаніі, якая атрымала пажыцьцёвы тэрмін.