Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Чэхіі пра 55-ю гадавіну савецкага ўварваньня: «Расея з таго часу ніяк не зьмянілася»


Прага, 21 жніўня 1968
Прага, 21 жніўня 1968

У Чэхіі і Славаччыне 21 жніўня ўспамінаюць аб уварваньні войскаў пяці краін Варшаўскай дамовы на чале з Савецкім Саюзам у 1968 годзе.

Кіраўніцтва СССР прыняло рашэньне ўвесьці войскі ў Чэхаславаччыну, якая належала тады да савецкага блёку, каб пакласьці канец рэформам, якія атрымалі вядомасьць як Праская вясна.

Мітынг у памяць аб падзеях 55-гадовай даўнасьці прайшоў ля будынку Чэскага радыё ў Празе. У 1968 годзе яго абстрэльвалі з танкаў.

Прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл у сваім выступе правёў паралелі паміж падзеямі 1968 году і цяперашнім расейскім уварваньнем ва Ўкраіну.

«Расея з таго часу ніяк не зьмянілася. Хоць цяпер яна называецца інакш, тое, якую зьнешнюю палітыку яна праводзіць і якіх каштоўнасьцей прытрымліваецца, поўнасьцю адпавядае таму, што было раней», — сказаў Павэл.

Іншыя палітыкі, якія выступілі на цырымоніі, таксама падкрэсьлілі важнасьць падтрымкі Украіны ў барацьбе з агрэсіяй.

Чэхаславацкае войска ў 1968 году не аказвала ўварваньню супраціву.

Жыхары краіны арганізоўвалі масавыя негвалтоўныя акцыі пратэсту, якія спыніліся толькі пасьля таго, як кіраўніцтва Чэхаславаччыны падпарадкавалася дыктату і пагадзілася на «часовае» знаходжаньне савецкіх войскаў у краіне, якое працягнулася да 1991 году. Ахвярамі ўварваньня, паводле апошніх зьвестак, сталі 137 грамадзян Чэхаславакіі.

Найбольш вядомай акцыяй пратэсту супраць уводу войскаў у Чэхаславаччыну ў СССР стала несанкцыянаваная дэманстрацыя на Краснай плошчы ў Маскве пад лёзунгам «За вашу і нашу свабоду». Сямёра яе ўдзельнікаў зазналі рэпрэсіі з боку савецкіх уладаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Падсумаваньне тыдня на Свабодзе – у адным суботнім лісьце! Усе эксклюзіўныя і важныя публікацыі за тыдзень – у нашай эмэйл-рассылцы: так вы ніколі не прапусьціце самае цікавае!

Дык падпісвайцеся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG