«У небе ў нас няма перавагі. У нас няма сучасных самалётаў. Швэдзкі Gripen — гэта гонар вашай дзяржавы. І я лічу, што такім гонарам прэмʼер-міністар мог бы падзяліцца з Украінай. Мы таксама будзем гэтым ганарыцца вельмі моцна», — перадае словы Зяленскага УНІАН.
Акрамя таго, паводле слоў Зяленскага, у часе перагавораў абмяркоўвалася сумесная вытворчасьць швэдзкіх БМП CV-90 на тэрыторыі Ўкраіны.
«Зробім усё магчымае, каб першая вырабленая ва Ўкраіне CV-90 зьявілася як мага хутчэй», — заявіў Зяленскі.
Крыстэрсан не згадаў Gripen у сваім выступе, але асудзіў ракетны абстрэл Расеяй гораду Чарнігаў у суботу, у выніку якога сем чалавек загінулі і 117 атрымалі раненьні.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны Сяргей Нікіфараў заявіў у эфіры тэлемаратона, што, тэарэтычна, да перадачы зьнішчальнікаў Gripen Украіне застаецца тры крокі.
«Цяпер тэставаньне самалётаў, потым трэніроўкі, потым палітычная згода, і толькі потым прадастаўленьне гэтых самалётаў. Пакуль гэта тэарэтычна. Глядзім, што можам зрабіць», — заявіў ён.
- Раней у суботу, 19 жніўня, Уладзімір Зяленскі прыбыў з візытам у Швэцыю. Гэта першы візыт прэзыдэнта Ўкраіны ў Швэцыю з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў лютым 2022 года.
- 17 жніўня парлямэнт Швэцыі ўхваліў перадачу Ўкраіне новага пакета дапамогі агульным коштам 3, 25 мільярда швэдзкіх крон (прыкладна 270 мільёнаў эўра). Чакаецца, што Кіеў атрымае боепрыпасы і запчасткі, а таксама грузавікі і абсталяваньне для разьмініраваньня.