Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік СБУ распавёў дэталі мінулагодняй атакі на Крымскі мост


Васіль Малюк
Васіль Малюк

Кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Малюк распавёў дэталі мінулагодняй атакі на Крымскі мост. Аповяд Малюка публікуе ўкраінскае выданьне NV.ua.

Паводле кіраўніка СБУ, супрацоўнікі спэцслужбаў схавалі выбухоўку ў цэляфанавай плёнцы. СБУ разьлічыла таўшчыню плёнкі, дастатковую, каб схаваць ад мытных сканэраў напампаваныя сумесьсю гексагену мэталічныя цыліндры-наканечнікі.

«„Рулонамі“ забілі цэлы кантэйнер — іх сумарная вага ў тратылавым эквіваленце адпавядала 21 тонам», — кажа Малюк.

Малюк ня стаў раскрываць, як менавіта выбухоўку прывезьлі да моста. Паводле яго, украінцам удалося абысьці сканэры і глушыльнікі GPS на мосьце, і раніцай 8 кастрычніка 2022 году ўчыніць выбух.

Атаку на мост у анэксаваны Крым 17 ліпеня ажыцьцявілі з дапамогай надводнага бесьпілётніка. Колькасьць выбухоўкі, якую зараз можа несьці такі дрон, СБУ змагла давесьці амаль да сямі тысяч кіляграмаў, адзначыў Малюк.

«Распрацоўкай спэцапэрацыі займаўся я асабіста і двое маіх давераных супрацоўнікаў», — сказаў кіраўнік СБУ, прызнаўшы, што ўдзельнікі апэрацыі выкарыстоўвалі расейцаў «у цёмную».

«Мы сем колаў пекла прайшлі, выкарыстоўвалі ў цёмную столькі людзей! Расейцы „закрылі“ 22 чалавекі — пасадзілі ў турму. Інкрымінуюць ім усім саўдзел у тэрарыстычным акце. Хоць насамрэч яны займаліся звыклай для сябе штодзённай справай. Гэта былі звычайныя расейскія кантрабандысты», — распавёў Малюк.

  • 17 ліпеня ў выніку атакі была выведзеная са строю аўтамабільная частка Крымскага моста, які зьвязвае Расею з анэксаваным паўвостравам, два чалавекі загінулі.
  • 8 кастрычніка 2022 году на мосьце ўзарваўся грузавы аўтамабіль. У выніку абрынулася некалькі пралётаў. Расейскія ўлады назвалі выбух на мосьце тэрактам і абвінавацілі ў ім спэцслужбы Ўкраіны.
  • Кіеў неаднаразова заяўляў, што лічыць мост легітымнай ваеннай мэтай, бо ён выкарыстоўваецца ў тым ліку і для забесьпячэньня расейскай групоўкі войскаў ва Ўкраіне. Пры гэтым украінскі бок неўзабаве пасьля нападаў сваё дачыненьне да арганізацыі выбухаў не пацьвярджаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG