Міністры транспарту Беларусі і Расеі 18 жніўня падпісалі пагадненьне аб міжнародных аўтамабільных перавозках. Гэта зроблена ў рамках уніфікацыі рэгуляваньня транспартнага рынку, паведамілі ў беларускім Міністэрстве транспарту.
Дакумэнт падпісалі міністар транспарту Беларусі Аляксей Ляхновіч, які нядаўна заступіў на сваю пасаду, і ягоны расейскі калега Віталій Савельеў.
Звычайны кабатаж, калі беларускі перавозчык вязе груз на Далёкі Ўсход, а вяртаючыся назад, выконвае перавозкі паміж расейскімі гарадамі, дазволяць з 2024 году, піша Officelife. Паэтапна будзе ўкараняцца і бездазвольная сыстэма перавозак у трэція краіны праз Расею.
Да 1 студзеня 2030 году краіны зьбіраюцца цалкам перайсьці да бездазвольнай сыстэмы міжнародных аўтамабільных перавозак грузаў. Раней такая сыстэма перавозак запрацавала паміж Беларусьсю і Кіргізстанам, потым — з Іранам.
Яшчэ ў пачатку 2022 году бездазвольная сыстэма працавала паміж Беларусьсю і Ўкраінай.