Рынкевічс на прэсавай канфэрэнцыі адзначыў, што ўрад Карыньша працягне працу да фармаваньня новага кабінэту міністраў. Адначасова прэзыдэнт падзякаваў прэмʼеру, які адыходзіць, за працу.
«Урад на чале з Карыньшам павінен быў пераадолець пандэмію, змагацца з адмываньнем грошай у латвійскіх банках і гібрыднай атакай на ўсходняй мяжы Латвіі, а таксама падтрымліваць Украіну ў барацьбе з агрэсіяй Расеі», — цытуе латвійскага прэзыдэнта партал Delfi.
Пра намер Карыньша пайсьці ў адстаўку стала вядома раней на гэтым тыдні. Палітык адзначаў, што партыі «Абʼяднаны сьпіс» і Нацыянальнае абʼяднаньне, якія ўваходзяць у склад урадавай кааліцыі, «блякуюць працу па павелічэньні дабрабыту і росьце эканомікі».
Карыньш узначаліў урад Латвіі ў студзені 2019 году.