На аўтазаправачнай станцыі ў Рэспубліцы Дагестан (Расея) адбыўся магутны выбух. Колькасьць сьмяротных ахвяр дасягнула 35 чалавек. Абноўленыя дадзеныя прыводзіць дагестанскі Цэнтар мэдыцыны катастроф.
У МНС Расеі заявілі, што пажар на запраўцы патушылі. Цяпер ратавальнікі разьбіраюць канструкцыі.
Раней паведамлялася, што на выезьдзе з Махачкалы загарэўся аўтасэрвіс, пасьля чаго агонь перакінуўся на разьмешчаную побач запраўку, і адбыўся магутны выбух. Тэлеграм-канал Shot са спасылкай на крыніцу ў МНС пісаў, што з-за выбухной хвалі падпаленае паліва накрыла людзей, якія прыйшлі паглядзець на пажар. Mash са спасылкай на мясцовых жыхароў сьцьвярджаў, што ў выніку выбуху цалкам згарэў аўтобус з людзьмі.
У рэгіянальным МУС папярэджвалі аб пагрозе паўторных узгараньняў, бо на запраўцы выбухнулі толькі дзьве цыстэрны са звадкаваным газам з васьмі. Лякарні Махачкалы пераведзеныя на ўзмоцнены рэжым працы. Частку пацярпелых перавязуць у Маскву спэцбортам МНС.
Улады рэспублікі абвясьцілі жалобу па загінулых. Сем’ям ахвяр выплацяць грошы.