Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва можа ўвесьці ліцэнзаваньне аўтобусных паездак у Беларусь


Намесьнік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас. Архіўнае фота
Намесьнік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас. Архіўнае фота

«Магчымасьці разглядаюцца. Проста гэта немагчыма бязь зьменаў у законе, якія адбудуцца толькі пасьля таго, як Сейм зьбярэцца на восеньскую сэсію», — сказаў намесьнік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас.

Намесьнік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас заявіў, што на восеньскай сэсіі парлямэнту могуць разгледзець пытаньне аб ліцэнзаваньні аўтобусных паездак у Беларусь, бо колькасьць паездак грамадзян Літвы ў Беларусь застаецца высокай.

«Пасьля таго як летась вясной зьявіўся бязьвізавы рэжым для жыхароў Літвы, Польшчы і Латвіі, колькасьць наведваньняў павялічылася, і мы расцэньваем гэта як пагрозу для грамадзян Літвы, таму што кожны зь іх можа стаць мішэньню сілавых структур Беларусі і рэжыму Лукашэнкі ў цэлым», — сказаў Мантас Адаменас у інтэрвію тэлеканалу LRT, паведаміў інфармацыйны партал Delfi.

Паводле яго, інфармацыйная кампанія ня можа спыніць усіх грамадзян, якія хочуць наведаць Беларусь, таму неабходныя іншыя захады.

«Выдача ліцэнзій на рэйсы была б наступным крокам. Магчымасьці разглядаюцца. Проста гэта немагчыма бязь зьменаў у законе, якія адбудуцца толькі пасьля таго, як Сейм зьбярэцца на восеньскую сэсію», — патлумачыў ён.

Мантас Адаменас дадаў, што нягледзячы на рэкамэндацыю ўстрымацца ад паездак у Беларусь, аб поўным закрыцьці мяжы пакуль няма мовы. «Мы прававая дэмакратычная дзяржава, і свабода перамяшчэньня грамадзян Літвы гарантуецца нашымі законамі. Каб гаварыць пра закрыцьцё мяжы, нам патрэбны быў бы зусім іншы прававы рэжым», — дадаў намесьнік міністра замежных спраў Літвы.

Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі (ДДБ) Літвы з чэрвеня заклікае грамадзян Літвы ўстрымацца ад паездак у Беларусь праз актывізацыю на мяжы дзейнасьці спэцслужбаў Беларусі — у грамадзян Літвы на беларускай мяжы правяраюць кампутары і мабільныя тэлефоны, іхныя кантакты, акаўнты ў сацыяльных сетках, фатаздымкі і мапы маршрутаў і прымушаюць да супрацы з спэцслужбамі Беларусі.

У канцы ліпеня Міністэрства транспарту Літвы зьвярнулася ў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі з просьбай ацаніць рызыкі, якія нясуць у сабе пасажырскія аўтобусныя зносіны зь Беларусьсю. Калі Дэпартамэнт пацьвердзіць асьцярогі ведамства пра небясьпеку, пасажырскія перавозкі могуць скараціць ці нават адмяніць цалкам.

Бязьвізавы рэжым для грамадзян Літвы і Латвіі дзейнічае з 15 красавіка, а для грамадзян Польшчы — з 1 ліпеня 2022 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG