Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Проста зьбег абставінаў, разумееце?» У навучальным цэнтры ў Печах пацьвердзілі інфармацыю пра суіцыд дэсантніка


Вайсковая частка ў Печах, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Вайсковая частка ў Печах, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Раней у СМІ зьявілася інфармацыя, што ў вайсковай частцы ў Печах пад Барысавам скончыў жыцьцё самагубствам салдат тэрміновай службы. Афіцыйныя рэсурсы Мінабароны пра гэта не паведамлялі, але журналістка «Зеркала» датэлефанавалася ў частку як занепакоеная сваячка аднаго з салдат, і дзяжурны пацьвердзіў ёй інфармацыю пра суіцыд.

Першым пра самагубства дэсантніка ў 72-м навучальным цэнтры ў Печах Менскай вобласьці паведаміў 4 жніўня тэлеграм-канал «Посмотри, брехня?». Адзін з вайскоўцаў часткі 9 жніўня расказаў «Флагштоку», што інцыдэнт адбыўся ў ноч з 3 на 4 жніўня. Паводле яго, дэсантнік, які ўчыніў суіцыд, «вынес са стрэльбаў нейкі спэцыфічны патрон, галавы ў яго не засталося». Па словах хлопца, загінулы спрабаваў адкасіць ад войска, але ня змог.

«Нядаўна ў яго знайшлі ці то цыдулкі, ці то вершы. Зь ім пачалі весьці працу. За яго ўзяўся галоўны ідэоляг Пячоньнік. І пасьля гэтага хлопец застрэліўся», — растлумачыў ананімны салдат выданьню. Па інфармацыі тэлеграм-каналу «МотолькоПомоги», загінулага звалі Ільля. Мінабароны Беларусі пра гэты выпадак не паведамляла.

Журналістка «Зеркала» патэлефанавала ў частку як занепакоеная сваячка аднаго з салдат тэрміновай службы, які там цяпер служыць. Дзяжурны інфармацыю пра суіцыд пацьвердзіў і параіў «не панікаваць».

«А як часта са сваім сваяком маеце зносіны, прыяжджаеце? Праз тэлефон ён нешта вам расказвае — і вы адразу ж у нейкую паніку», — пачаў спачатку пытацца і супакойваць дзяжурны.

На рэпліку журналісткі пра тое, што «ня кожны дзень салдаты страляюцца», «як не панікаваць», дзяжурны адказаў:

«Усякае ў жыцьці бывае. Як высьветлілася, былі парушэньні ў чалавека. Не зусім здаровы быў. Ну што — гэта ж ніяк на вашым дзіцяці не адбілася. Ня трэба так усё ўспрымаць. У бліжэйшыя выходныя прыяжджайце, пагутарыце з кіраўніцтвам вашай школы, калі так хвалюецеся, з сынам пагаварыце. Усе працуюць, служаць, усё нармальна».

Дзяжурны не пацьвердзіў інфармацыю СМІ, што салдат вынес патрон са стрэльбаў, а на ўдакладняльныя пытаньні сказаў, што ня можа расказваць праз тэлефон падрабязнасьці здарэньня і што цяпер «ідзе сьледзтва».

«Я так скажу: нармальныя хлопцы, нармальныя дзеці не страляюцца. А на дадзеным этапе высьвятляецца, што ў хлопчыка, можа, не зусім з галавой было ў парадку, ну, гэта [суіцыд] магло адбыцца і дома, і дзе заўгодна. Проста зьбег абставінаў, разумееце?» — сказаў дзяжурны.

У Беларусі з пачатку 2023 году гэта ўжо трэці суіцыд у вайсковых частках. У сакавіку застрэліўся 20-гадовы салдат 38-й Берасьцейскай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады. У тым жа месяцы ў пастарунку памежнага кантролю «Высока-Літоўск» у Камянецкім раёне знайшлі цела яшчэ аднаго салдата тэрміновай службы. Дзяржаўны памежны камітэт паведаміў, што 19-гадовы салдат учыніў суіцыд.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG