Дарадца прэзыдэнта Літвы: Закрыцьцё двух памежных пунктаў зь Беларусьсю дазволіць узмацніць абарону мяжы

На беларуска-літоўскай мяжы, ліпень 2023 году
На беларуска-літоўскай мяжы, ліпень 2023 году

Закрыцьцё на мяжы зь Беларусьсю двух пунктаў пропуску дазволіць літоўскім службам «вырашыць арганізацыйныя пытаньні» і пераразьмеркаваць сілы, заявіў 7 жніўня ў эфіры радыё LRT дарадца прэзыдэнта Літвы Дарус Урбонас.

«У гэтых пунктах нам бракуе пэўнага абсталяваньня, каб вельмі эфэктыўна змагацца з кантрабандай, — адзначыў ён. — Калі б гэтыя пункты былі закрытыя, мы, несумненна, маглі б тыя сілы, якія маем там сёньня, накіраваць у іншыя месцы, узмацняючы абарону нашай вонкавай мяжы».

Намесьнік кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Саўлюс Некрашавічус заявіў Балтыйскаму інфармацыйнаму агенцтву BNS, што закрыцьцё часткі дзейных памежных пунктаў на мяжы зь Беларусьсю «зьнізіць рызыку сутыкненьня з пагрозамі». Паводле яго, пункты Шумск і Цьверач (зь беларускага боку адпаведна Лоша і Відзы ) адрозьніваюцца «абмежаванай здольнасьцю прапускаць транспартныя сродкі і людзей».

4 жніўня міністар унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі і яго літоўская калега Агне Білатайце ўзгаднілі схемы рэагаваньня на пагрозы з боку Беларусі ў выпадку правакацыяў з удзелам ПВК «Вагнэр», а таксама абмеркавалі мэханізм на «выпадак закрыцьця ўсіх памежных пераходаў зь Беларусьсю і ізаляцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі».

«Мы ў кантакце з нашымі сябрамі зь Літвы і Латвіі, бо яны таксама зазнаюць падобныя правакацыі. Варыянт поўнай ізаляцыі Беларусі ў выпадку сур’ёзных інцыдэнтаў з удзелам „вагнэраўцаў“ на межах краін NATO і ЭЗ, безумоўна, будзе прыняты намі як сумесны захад», — падкрэсьліў Каміньскі.

Паводле яго, калі Польшча і Літва палічаць закрыцьцё межаў «правільнай рэакцыяй», то такія дзеяньні «прывядуць да поўнай ізаляцыі Беларусі». «Рэжым у Беларусі павінен гэта ўсьведамляць», — заявіў кіраўнік МУС Польшчы.

Раней прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што краінам Балтыі і Польшчы, падобна, давядзецца закрыць мяжу зь Беларусьсю, калі сытуацыя зь бясьпекай пагоршыцца ў з прычыны знаходжаньня на беларускай тэрыторыі наймітаў ПВК «Вагнэр».

3 жніўня міністар разьвіцьця і тэхналёгіяў Польшчы Вальдэмар Буда заявіў, што нарастаньне пагрозы прымушае польскія ўлады «глыбока задумацца пра магчымае закрыцьцё ўсіх памежных пераходаў зь Беларусьсю».

​
XS
SM
MD
LG