Вось як Сьвятлана Ціханоўская адказала на пытаньне Свабоды пра сучасныя выклікі перад беларускай дэмакратычнай супольнасьцю:
«Як мы чулі на першай панэлі, найперш гэта недахоп чалавечых рэсурсаў. Многія беларусы, якія выехалі, будуюць уласнае жыцьцё, уласныя бізнэсы і не ангажуюцца ў грамадзкае жыцьцё, у падтрымку тых, хто ў Беларусі і ў турмах. Гэта надломвае людзей. Ты аддаеш усяго сябе барацьбе, а цябе крытыкуюць: вось гэтага не дасягнулі і вось таго. Гэта таму, што не хапае чалавечых рэсурсаў, не хапае фінансаў. У нас няма сыстэмы, якая б інстытуцыянальна падтрымлівала палітыкаў. Так, у нас ёсьць партнэры, але калі людзі ўключацца ў падтрымку тых актывістаў, якія працуюць на зьмены ў Беларусі, тады да іх будзе і больш патрабаваньняў.
Грашовае пытаньне заўсёды мусоліцца, і прапаганда яго ўздымае. Так, не хапае грошай і не хапае ўвагі з боку міжнародных структур, бо ўвесь фокус на Ўкраіне. Мы, вядома, гэта падтрымліваем, але і вельмі цяжка змагаемся, каб фокус не губляўся і зь Беларусі.
Нам шмат трэба. Трэба, каб Беларусь заставалася ў парадку дня і была ўключаная ў перамовы аб будучай канструкцыі бясьпекі ў рэгіёне. Цяпер шмат кажуць, што Беларусь можа быць аддадзена Пуціну як нейкая ўзнагарода, і гэтага нельга дапусьціць...
Я вельмі ганаруся, што сёньня прыйшло вельмі шмат людзей, і яны маюць магчымасьць пагутарыць адзін з адным».
Таксама Сьвятлана Ціханоўская адказала на пытаньне Свабоды пра кантакт зь людзьмі ў Беларусі:
«Я магу адказаць за сябе. У мяне ёсьць асабістыя размовы зь людзьмі зь Беларусі, прыходзіць вельмі шмат. Я таксама ўпэўненая, што кожная ініцыятыва і кожнае мэдыя, якія выехалі, таксама маюць кантакты з тымі, хто ў Беларусі. Такім чынам акумулюецца інфармацыя зь Беларусі, і мы можам адчуваць, чым людзі жывуць. Вось ужо кажуць, што дэмакратычныя сілы ўжо не рэлевантныя. Не, яны рэлевантныя, людзі цікавяцца, проста ня могуць пра гэта адкрыта гаварыць. І хоць свабодныя мэдыя ў краіне забароненыя, людзі знаходзяць шляхі, каб данесьці сваю пазыцыю».
Камэнтуючы заяву прадстаўніка палку імя Кастуся Каліноўскага Паўла Кухты, што яны прызнаюць Сьвятлану Ціханоўскую нацыянальным лідэрам, яна сказала:
«З самага пачатку вайны ў мяне быў прадстаўнік, які заўсёды кантактаваў з палком Каліноўскага. Гэта былі нефармальныя размовы, але трэба было, каб я разумела, што там адбываецца. І Павал Латушка, і Валер Кавалеўскі, калі езьдзілі ва Ўкраіну, заўсёды сустракаліся з прадстаўнікамі палку. Але ў іх не было ініцыятывы выходзіць на нейкі новы ўзровень. Мы гэта разумелі. Але вось нядаўна адбылася такая першая паўафіцыйная сустрэча, калі прадстаўнікі майго Офісу і Кабінэту паехалі на сустрэчу. Гэта было знаёмства, бакі як бы прамацалі адзін аднаго. Далей нашы адносіны будуць разьвівацца».
Наконт інфармацыі ад мужа Сяргея Сьвятлана Ціханоўская сказала:
«9 жніўня будзе пяць месяцаў, як я нічога ня чула ад яго. Кожны месяц улады нечага Сяргея пазбаўляюць. Яшчэ два месяцы таму яшчэ можна было яму замаўляць кнігі, а цяпер і гэта спынілі. Пяць месяцаў ніводнага ліста ад яго. Дзеці працягваюць пісаць, але больш нічога я ня ведаю».
- 6 жніўня ў Варшаве Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада разам праводзяць канфэрэнцыю «Новая Беларусь 2023». На ёй адкрыта абмяркоўваюць супольныя дасягненьні і няўдачы дэмакратычных сілаў за гэты час, а таксама далейшыя пляны і бачаньне будучыні Беларусі.
У канфэрэнцыі бяруць удзел больш як 200 прадстаўнікоў трэцяга сэктару і 58 экспэртаў
Пытаньні да сьпікераў і ўдзельнікаў канфэрэнцыі можна задаваць у камэнтарах да трансьляцыі, мадэратары і вядоўцы будуць задаваць іх удзельнікам. Тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, раяць у мэтах бясьпекі не рэпосьціць, ня лайкаць і не камэнтаваць этэр са сваіх пэрсанальных акаўнтаў.
Паводле папярэдніх зьвестак, у канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023» меліся ўзяць удзел 158 прадстаўнікоў трэцяга сэктару і 58 экспэртаў, паведаміў BPN галоўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Акрамя таго, паводле яго інфармацыі, чакаецца ўдзел 16 актывістаў, 10 прадстаўнікоў бізнэсу і 81 прадстаўніка мэдыясупольнасьці.
Запрашэньні на канфэрэнцыю адправілі 152 прадстаўнікам палітычных структур, а таксама 7 былым палітвязьням і чальцам сем'яў палітвязьняў.