Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея нанесла масіраваны ўдар па Ўкраіне, бомба трапіла ў цэнтар пераліваньня крыві ў Купянскім раёне. Ёсьць загінулыя


Фота, якое апублікаваў Уладзімір Зяленскі разам з паведамленьнем пра трапляньне бомбы ў цэнтар пераліваньня крыві ў Купянскім раёне 5 жніўня
Фота, якое апублікаваў Уладзімір Зяленскі разам з паведамленьнем пра трапляньне бомбы ў цэнтар пераліваньня крыві ў Купянскім раёне 5 жніўня

Расейскія войскі ў ноч на 6 жніўня нанесьлі масіраваны ўдар па Ўкраіне. Зь вечара суботы да раніцы нядзелі войска РФ прымяніла 70 бесьпілётнікаў і ракет, гаворыцца ў паведамленьні Ўзброеных сіл Украіны. Ёсьць загінулыя і параненыя.

Як заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, увечары 5 жніўня армія РФ нанесла ўдар кіраванай авіябомбай па цэнтры пераліваньня крыві ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласьці. Паводле Зяленскага, «ёсьць загінулыя і параненыя», «ратавальнікі ліквідуюць пажар».

Як пазьней паведаміў старшыня Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў, удар нанесьлі каля 20:20 па нежылым памяшканьні ў вёсцы Круглякаўка Купянскага раёну. Адбыўся маштабны пажар. Паводле папярэдніх зьвестак, загінулі двое мужчын, яшчэ чатыры чалавекі параненыя, заявіў Сінягубаў.

У Хмяльніцкай вобласьці ў выніку ракетнага ўдару пашкоджаныя некалькі жылых дамоў, установа культуры і аўтавакзал. Як заявілі ў абласной вайсковай адміністрацыі, пацярпелых няма. У Сумскай вобласьці разбураны жылы дом, загінуў адзін чалавек.

Паводле зьвестак Паветраных сіл УСУ, войска РФ прымяніла 70 бесьпілётнікаў і ракет. 30 крылатых ракет і 27 ударных дронаў зьбілі ўкраінскія вайскоўцы.

У прыватнасьці, у атацы ўвечары 5 жніўня расейскія войскі выкарысталі 14 крылатых ракет «Калібр», 12 зь іх зьбілі. Інфармацыю пра колькасьць «Кінжалаў» УСУ не раскрылі.

Уначы расейскія вайскоўцы выпусьцілі па Ўкраіне ўдарныя дроны «Шахед» з паўднёвага ўсходу, «Калібры» з акваторыі Чорнага мора і ракеты Х-101/Х-555 з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95МС з раёну Касьпію. Паведамляецца, што сілы СПА зьнішчылі ўсе 27 «Шахедаў» і 13 з 20 ракет Х-101/Х-555.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG