Пра гэта паведаміў кіраўнік Камісіі Сэйму па грамадзянстве, міграцыі і інтэграцыі грамадзтва Інгмар Лідака, піша латвійскі партал Rus.LSM.lv.
Размова ідзе аб тых, хто нават не паспрабаваў прайсьці праверку на атрыманьне статусу сталага жыхара ЭЗ.
«Дзесьці 5-6 тысяч, паводле маіх прагнозаў. Гэта людзі, якія не праявілі ніякага жаданьня — ні здаваць іспыт, ні атрымаць часовы від на жыхарства. Гэта значыць, тыя, якія маўчаць. Калі глядзець на закон, які ён зараз ёсьць, то УСГМ проста павіннае будуць высылаць патрабаваньні пакінуць краіну на працягу трох месяцаў» — патлумачыў Інгмар Лідака.
У Міністэрстве ўнутраных справаў патлумачылі, што будзе азначаць такі ліст.
«Калі ў чалавека няма правоў знаходзіцца ў краіне, то трэба зьяжджаць у краіну, дзе ў чалавека ёсьць права на знаходжаньне. Час для выезду — тры месяцы. Яно даецца для таго, каб чалавек мог зьехаць без сьпеху. Калі чалавек працягвае знаходзіцца ў Латвіі незаконна, то можа надысьці момант, калі дзяржаўныя структуры пра гэта даведаюцца, і адпаведна нагадаюць аб тым, што трэба зьяжджаць. Крымінальная адказнасьць не прадугледжаная, але прадугледжана адміністрацыйная, так што чалавека могуць аштрафаваць», — паведаміў намесьнік дзяржсакратара МУС Вілніс Вітоліньш.
«Закон прадугледжвае дэпартацыю. Калі палітыкі ці міністры гавораць, што такога ня будзе... Гэта надзея, што будзе нешта мяняцца ў заканадаўстве. Можа, памяняюць нейкія ўмовы. Але мая асьцярога — што да 1 верасьня гэтых зьменаў у заканадаўстве не адбудзецца», — патлумачыў кіраўнік Камісіі Сэйму па грамадзянстве, міграцыі і інтэграцыі грамадзтва Лідака.
Разам са стратай права на жыхарства чалавек пазбавіцца і магчымасьці атрымліваць у Латвіі многія паслугі. Яму таксама будзе спыненая выплата пэнсіі. Аднак, у МУС нагадваюць, што ёсьць і іншае выйсьце.
«У людзей ёсьць права атрымаць любы іншы дазвол на знаходжаньне — візу або часовы від на жыхарства, калі для гэтага ёсьць падстава», — сказаў прадстаўнік МУС Вітоліньш.
Раней сёньня стала вядома, што Літва анулявала дакумэнты аб легалізацыі 910 грамадзянам Беларусі, якія нясуць пагрозу нацыянальнай бясьпецы краіны.
Дэпартамэнт міграцыі Літвы паведаміў аб ануляваньні легалізацыі 910 грамадзянам Беларусі і 254 грамадзянам Расеі, бо яны несьлі пагрозу нацыянальнай бясьпецы краіны.
Як адзначаецца на афіцыйным сайце Дэпартамэнту міграцыі Літвы, рашэньні прынятыя на падставе аналізу анкет, якія запаўняюцца пры падачы дакумэнтаў для дазволу на жыхарства, а таксама непублічнай інфармацыі пасьля кансультацыяў з дэпартамэнтамі дзяржаўнай бясьпекі, аховы дзяржаўнай мяжы і паліцыі Літвы.