Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Відавочна, што нехта праспаў», — польскі вайсковы экспэрт пра парушэньне паветранай прасторы Польшчы беларускімі верталётамі


Польскі вайсковы экспэрт Раман Полька. Архіўнае фота
Польскі вайсковы экспэрт Раман Полька. Архіўнае фота

Перасячэньне паветранай прасторы Польшчы двума беларускімі верталётамі 1 жніўня не было выпадковым, упэўненыя мясцовыя вайсковыя экспэрты.

Невыпадковым назваў залёт 1 жніўня на тэрыторыю Польшчы двух беларускіх верталётаў польскі вайсковы экспэрт, былы камандзір вайсковай часткі польскага спэцназу «GROM» Раман Полька. Ён даў інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода з гэтай нагоды.

«Пілёты дастаткова разумныя, каб ведаць, як карыстацца GPS і іншымі прыладамі, яны выдатна ведаюць тэрыторыю, на якой дзейнічаюць, сама мяжа добра бачная зьверху, так што я выключаю памылку», — сказаў адстаўны афіцэр польскага спэцназу.

Раман Полька адзначае памылкі вайсковага кіраўніцтва:

«Гэта ўжо другая параза. Першая была ў канцы мінулага году, калі расейская ракета заляцела на тэрыторыю Польшчы. Тады апэратыўнае камандаваньне Ўзброеных Сіл не адрэагавала своечасова на яе пошук і ідэнтыфікацыю. Гэтым разам беларускі бок папярэджваў пра вучэньні, і гэта павінна было быць трывожным сыгналам і неабходнасьцю правядзеньня вучэньняў з польскага боку, вучэньняў па адпрацоўцы нашай супрацьпаветранай абароны. У нас ёсьць эфэктыўнае абсталяваньне, ёсьць сыстэма Pilica (польская зэнітная ракетна-артылерыйская сыстэма. — РС), радыёлякацыйныя станцыі, якія могуць рэагаваць, у нас на месцы сканцэнтраваныя сілы памежнікаў, паліцыі, войскі. А гэта значыць, што пра любыя дзеяньні на мяжы яны павінны неадкладна інфармаваць Міністэрства абароны... Відавочна, што нехта праспаў».

Раман Полька мяркуе, што прычына нясвоечасовага выяўленьня парушэньня паветранай прасторы Польшчы можа быць «у арганізацыйнай культуры, якая блякуе ініцыятывы на ніжэйшых узроўнях мясцовага вайсковага кіраўніцтва па інфармаваньні вышэйшага кіраўніцтва.

«У гэтай сытуацыі рэакцыя павінна была быць канкрэтнай. Сыстэма павінна выяўляць, затым выдаваць папераджальны сыгнал, і калі верталёты не рэагуюць, іх трэба зьбіваць. Як гэта было ў 2015 годзе, калі Турэччына зьбіла расейскі бамбавік», — падкрэсьлівае Раман Полька.

Экспэрт мяркуе, што Расея і Беларусь працягнуць гібрыдныя атакі і правакацыі. Таму, кажа ён, прыфрантавая Польшча ня можа дазволіць сабе недахопу пільнасьці, але павінна дзейнічаць на апярэджаньне.

Што здарылася ў Белавежы?

  • Удзень 1 жніўня жыхары памежнай Белавежы паведамілі ў сацыяльных сетках, што ў паветраную прастору краіны заляцелі два беларускія верталёты Мі-8 і Мі-24.
  • Пасьля першых паведамленьняў пра гэта Мінабароны Польшчы абвяргала залёт верталётаў на польскую тэрыторыю, але пазьней прызнала: два беларускія верталёты парушылі дзяржаўную мяжу на вельмі малой вышыні і заляцелі на польскую тэрыторыю ў раёне Белавежы, таму радары іх не пабачылі. У ведамстве адзначылі, што беларускі бок раней праінфармаваў Польшчу пра вучэньні.
  • Пра інцыдэнт праінфармавалі NATO.
  • Мінабароны Беларусі назвала абвінавачаньні ў парушэньні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА «надуманымі».
  • 1 жніўня часовага паверанага ў справах Беларусі выклікалі ў Міністэрства замежных спраў Польшчы, дзе яму заявілі рашучы пратэст праз інцыдэнт зь беларускімі верталётамі, якія 1 жніўня парушылі паветраную прастору краіны.
  • Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь 2 жніўня зноў заявіла, што беларускія верталёты не парушалі дзяржаўнай мяжы Польшчы і што польскі верталёт 1 жніўня наблізіўся да мяжы больш за беларускія, гаворыцца ў заяве міністэрства.
  • У Міністэрства замежных спраў Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы. Яму сказала пра неабходнасьць дыялёгу для дээскаляцыі «і без таго няпростай сытуацыі ў двухбаковых адносінах» і заклікалі «не нагнятаць сытуацыю і не выкарыстоўваць яе для мілітарызацыі памежнай прасторы», паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG