Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога беларускага памежніка, якога затрымалі ў Літве і хацелі дэпартаваць, перадалі Польшчы

Іван Страшкевіч
Іван Страшкевіч

29-гадовага былога памежніка Івана Страшкевіча затрымалі ў Літве па падазрэньні ў шпіянажы, хоць ён звольніўся са службы ў 2019 годзе і выступаў супраць рэжыму Лукашэнкі. Яму пагражала дэпартацыя ў Беларусь, але ў выніку яго перадалі Польшчы, даведалася «Зеркало».

Як расказаў Іван выданьню, яшчэ тыдзень таму да яго прыйшлі прадстаўнікі міграцыйнай службы і паведамілі, што атрымалі адказ ад польскіх калегаў — тыя пацьвердзілі, што гатовыя прыняць і разглядаць ягоную справу. 2 жніўня Івана паводле Дублінскага пагадненьня перадалі ў Польшчу. Згодна з гэтым дакумэнтам, у прыватнасьці, адказнасьць за наданьне прытулку нясе тая краіна ЭЗ, у якую беларус уехаў першапачаткова або якая выдала яму візу.

«Яшчэ ў літоўскім лягеры хацелі, каб я падпісаў паперы, што адмаўляюся ад абскарджваньня рашэньня прызнаць мяне небясьпечным. Матывавалі гэта тым, што гэтак хутчэй прыйдзе адказ з Польшчы, але я адмовіўся. У выніку мяне сёньня паднялі ў пяць раніцы, а ў дзевяць пасадзілі на самалёт», — расказвае Іван.

Ён ужо прыляцеў у Варшаву, там яго сустрэлі прадстаўнікі мясцовай міграцыйнай службы. У Польшчы беларус адразу падаўся на палітычны прытулак. Пасьля яму трэба было адзначыцца ў лягеры для ўцекачоў, але заставацца там хлопцу не давялося — ён вярнуўся ў Беласток, дзе чатыры гады жыў да пераезду ў Літву.

«Мне аддалі тэлефон і кампутар, я змог сабраць нейкае адзеньне на першы час з сабой, узяў крыху ежы. Але ў Літве ў мяне засталася машына і шмат рэчаў. І я сам іх забраць не магу — але мне сказалі, што гэта мае праблемы. Давядзецца сваякам перавозіць», — расказаў Іван.

У Івана цяпер дзейнічае забарона на ўезд у Літву на пяць год. Беларус чакае адказу на скаргу, якую падаў на гэтае рашэньне пасьля свайго затрыманьня ў чэрвені. Але цяпер, упэўнены ён, яму ўжо не пагражае дэпартацыя на радзіму.

  • Івану Страшкевічу 29 гадоў. Нарадзіўся ў мястэчку Крэва Смаргонскага раёну. Паўтара года адслужыў у войску ў паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Берасьці. Потым перайшоў на кантракт у памежныя войскі. Там служыў яшчэ 3,5 года ў аддзеле падвышанай баявой гатоўнасьці ў Смаргонях. Меў справу зь мігранцкім крызісам.
  • Як патлумачыў Іван Свабодзе, пасьля службы ў дэсанце ён хацеў абараняць людзей. Яму прапаноўвалі служыць у АМАП, аднак перашкодай сталі адміністрацыйныя справы, заведзеныя на яго за расьпіваньне алькаголю на вуліцы і пераход рэек у недазволеным месцы.
  • Страшкевіч звольніўся ў 2019 годзе, бо яму не падабалася, як адбываецца кіраваньне Ўзброенымі сіламі. Тады ж зьехаў у Польшчу і пражыў там тры гады. Атрымаў польскі дазвол на жыхарства.
  • Апошні раз ён прыяжджаў у Беларусь на пачатку 2020 году. Потым, зь ягоных словаў, яго пачалі перасьледаваць за палітычную пазыцыю. Бацькам называлі некалькі крымінальных артыкулаў на сына, у тым ліку «Распальваньне варожасьці».
XS
SM
MD
LG