Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Паліну Шарэнду-Панасюк вярнулі ў калёнію; Арцёма Латышава перавялі на турэмны рэжым


Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота
Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота

Паводле стану на 1 жніўня, праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітычнымі вязьнямі 1484 чалавекі. Паводле іншых падлікаў, іх колькасьць можа быць нават большай.

Паліну Шарэнду-Панасюк вярнулі ў калёнію № 24. Паводле родных, раней там яе моцна зьбілі

Муж Паліны Андрэй Шарэнда паведаміў 1 жніўня ў сваім Фэйсбуку, што сёньня нарэшце высьветлілася, што Паліну Шарэнду-Панасюк вярнулі ў папраўчую калёнію № 24 у Зарэччы Гомельскай вобласьці.

7 ліпеня Паліну спэцэтапам вывезьлі зь СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менск і да гэтага часу ні сямейнікам, ні адвакату не ўдавалася высьветліць, дзе яна.

У канцы ліпеня з ананімных крыніц сям’я даведалася падрабязнасьці таго, што здарылася з Палінай на пачатку чэрвеня перад этапам на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі. Як расказаў раней муж Паліны Андрэй Шарэнда, адміністрацыя калёніі № 24 арганізавала для Паліны так званую «прэс-хату», падсадзіўшы да яе ў камэру ПКТ дзьвюх жанчын-правакатарак. Яе нібыта моцна зьбілі — настолькі, што ёй спатрэбілася шпіталізацыя ў санчастку калёніі.

«Паводле неправеранай інфармацыі, у Паліны зламана рабрына, удар ныркі і перабіта пераносьсе. Нават праз амаль тры тыдні пасьля зьбіцьця 22 чэрвеня, калі Паліну бачылі ў СІЗА № 1 на Валадарскага, у яе заставаліся шматлікія гематомы на твары і шнар на пераносьсі», — пісаў Андрэй Шарэнда 23 ліпеня.

Палітвязьня Арцёма Латышава перавялі на турэмны рэжым у Магілёў

Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу праваабаронцаў Mayday team, 26 ліпеня адбыўся суд па зьмене Арцёму Латышаву рэжыму ўтрыманьня. Палітвязьня перавялі на турэмны рэжым і ўжо этапавалі ў магілёўскую турму № 4. Да пераводу яго ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары.

Арцём — жыхар Віцебску. Яго затрымалі 8 верасьня 2021 году за пэрформанс на магіле з выявай Лукашэнкі, а таксама за псаваньне банэраў з выявай супрацоўнікаў ДАІ.

Яго асудзілі на 4,5 года калёніі паводле арт. 341 Крымінальнага кодэксу (Апаганьваньне збудаваньняў) і ч. 2 арт. 339 КК (Хуліганства, учыненае групай асобаў).

У верасьні 2022 году палітвязьня этапавалі ў бабруйскую калёнію. 1 чэрвеня 2023-га Арцёма чацьвёрты раз запар зьмясьцілі ў штрафны ізалятар. Дагэтуль ён прабыў там 30 дзён, пасьля чаго вярнуўся ў атрад. Перад апошнім зьмяшчэньнем у ШЫЗА супрацоўнікі калёніі запатрабавалі ад Латышава чысьціць санвузел, тым самым паспрабаваўшы надаць яму «нізкі статус», аднак мужчына адмовіўся. Гэта, верагодна, і стала прычынай накіраваньня ў штрафны ізалятар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG