Увосень 2022 году ён ужо наведваў Беларусь і правёў сустрэчы з начальствам Горадзенскай вобласьці. Мясцовы дзяржаўны тэлеканал назваў Талвіньскага «кіраўніком дэлегацыі Падляскага ваяводзтва». Улады Падляшша адмежаваліся ад Талвіньскага, бо ён не працуе ў ваяводзкай управе ад 2006 году.
«Польскі палітык з Падляшша Кшыштаф Талвіньскі прыбыў у Горадню, каб выступіць супраць эскаляцыі канфлікту паміж Польшчай і Беларусьсю», — так пра мэту візыту піша sb.by. Як сказаў сам Талвіньскі, у Горадню яго запрасілі. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён дадаў, што запрасіў яго губэрнатар вобласьці.
Польскі Цэнтар маніторынгу расісцкіх і ксэнафобскіх паводзін называе асяродзьдзе, якое ўзначальвае Талвіньскі, «прарасейскім» і «адкрыта антыўкраінскім». Чальцы ягонай партыі выступалі, у прыватнасьці, за абмежаваньне эмбарга, зьвязанага з забаронай на ўвоз беларускіх угнаеньняў.
У Горадні Талвіньскі заявіў, што «польскі рэжым маніпулюе польскім народам, усяляк нагнятаючы сытуацыю, правакуючы канфлікт зь Беларусьсю і Расеяй».
«Каб пазьбегнуць эскаляцыі, ня варта разглядаць перамяшчэньне нейкіх узброеных груп і інструктараў іншай дзяржавы, якія ваявалі на тэрыторыі Ўкраіны. Пагатоў іх ня так шмат. Гэта не нагода для перамяшчэньня сур’ёзных узброеных сіл і падразьдзяленьне [так. — РС] Польшчы да мяжы вашай краіны», — сказаў Кшыштаф Талвіньскі.
Апошнія некалькі гадоў ён быў зьвязаны з нацыяналістычнай і антыэўрапейскай кааліцыяй Konfederacja. Летась Талвіньскі абвясьціў, што стварае ўласную партыю «Front». На старонцы партыі ў Фэйсбуку 250 падпісчыкаў. Некалькі месяцаў таму яе афіцыйна зарэгістравалі, але, апрача допісаў у Фэйсбуку і некалькіх пікетаў, партыя сябе ніяк не праявіла.