Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў у Вярхоўны суд трох чалавек, якія судзілі Ашурка, Аўтуховіча, у «справе Зельцара» і за данаты


Вярхоўны суд Беларусі
Вярхоўны суд Беларусі

Аляксандар Лукашэнка прызначыў судзьдзямі Вярхоўнага суду Алену Рудніцкую, Максіма Філатава і Руслана Царука. Да гэтага яны займалі пасады судзьдзяў Менскага гарадзкога суду, Горадзенскага і Гомельскага абласных судоў адпаведна.

Усе трое на працягу апошніх гадоў выносілі прысуды ў справах, якія праваабаронцы прызналі палітычна матываванымі.

  • Алена Рудніцкая вядомая працэсамі над удзельнікамі пасьлявыбарчых пратэстаў у 2010 годзе. Яна ж была судзьдзёй на судзе адлічанага з БДУ лідэра «Моладзі БНФ» Юрася Лукашэвіча супраць унівэрсытэту. Таксама Рудніцкая адмовіла заяўніку Дня Волі ў пазове да Менгарвыканкаму, разглядала пазоў «Мілкавіты» супраць журналіста Юрася Карманава. Пасьля выбараў 2020 году яна вяла працэс, падчас якога ліквідавалі клюб плаваньня Аляксандры Герасімені, якая ў той час узначальвала Фонд спартыўнай салідарнасьці.
  • Максім Філатаў знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі. Ён жа выносіў прысуды ў гучнай «справе Аўтуховіча». У ёй было 12 фігурантаў. Нядаўна ён прысудзіў турэмныя тэрміны горадзенскаму журналісту Паўлу Мажэйку і адвакатцы Юліі Юргілевіч.
  • Руслан Царук прызначыў гамяльчанцы Анастасіі Петрачэнцы тры гады калёніі за данат палку імя Каліноўскага. Ён выносіў прысуды за камэнтары ў сацыяльных сетках, па абвінавачаньнях у нібыта агентурнай дзейнасьці на карысьць Украіны, у «справе Зельцара» і за фатаграфаваньне расейскай вайсковай тэхнікі на беларускай тэрыторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG