У выніку расейскага ракетнага ўдару па навучальнай установе ў Сумах увечары 29 ліпеня, паводле апошніх зьвестак, загінулі два чалавекі, яшчэ 20 пацярпелі, паведамляе гарадзкая рада.
Траіх параненых шпіталізавалі ў стане сярэдняй ступені цяжкасьці.
Увечары 29 ліпеня расейскія вайскоўцы нанесьлі ракетны ўдар па чатырохпавярховым будынку навучальнай установы ў Сумах, паведамілі ў МУС Украіны. Паводле абласной адміністрацыі, былі скарыстаныя мінамёты, артылерыя і РСЗА. Выбухны хваляй выбіла вокны ў суседніх дамах. Паводле інфармацыі гарадзкіх уладаў, пашкоджаныя і разбураныя навучальныя карпусы і два інтэрнаты.
У Дзяржаўнай службе па надзвычайных сытуацыях Украіны паведамілі, што ў выніку ўдару па Сумах у навучальнай установе адбыўся пажар.
«Усю ноч ратавальнікі ліквідавалі наступствы варожага ракетнага ўдару. Значныя разбурэньні атрымаў 4-х павярховы будынак. 30 ліпеня ў 03:04 пажар, які ахапіў значную плошчу, удалося ліквідаваць. Працы працягваюцца», — гаворыцца ў тэлеграм-канале МУС Украіны.
Паводле гарадзкіх уладаў, 13 чалавек з Сумаў перасялілі ў часовыя месцы пражываньня.