«У нас былі пляны пачаць гэта вясной, але мы гэтага не зрабілі, таму што, шчыра кажучы, у нас не хапала боепрыпасаў і ўзбраеньня і ў нас не было дастаткова падрыхтаваных брыгад — я маю на ўвазе, належна навучаных гэтай зброі», — сказаў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны адзначыў, што, нягледзячы на цяжкасьці, Узброеныя сілы ідуць наперад.
«Мы не хацелі губляць сваіх людзей, свой асабісты склад і вайскоўцаў, мы не хацелі губляць сваю тэхніку, таму да наступальных дзеяньняў падыходзілі даволі асьцярожна. Я б сказаў, што мы набліжаемся да таго моманту, калі адпаведныя дзеяньні могуць набраць абароты», — сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Словы Зяленскага прагучалі пасьля таго, як 21 ліпеня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Захад расчараваны вынікамі ўкраінскага контрнаступу.
З пачатку ўкраінскага контрнаступу ў чэрвені баі аказаліся больш жорсткімі, чым чакалі некаторыя экспэрты, прагрэс часта вымяраўся сотнямі мэтраў, а не дзясяткамі кілямэтраў. Украіна спадзяецца выкарыстаць контрнаступ, каб выціснуць значную колькасьць расейскіх войскаў з украінскай зямлі і пераламаць ход вайны.