Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін не паедзе ў Паўднёвую Афрыку на саміт BRICS, дзе яго маглі б арыштаваць


Сірыл Рамапоса і Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота
Сірыл Рамапоса і Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота

Раней прэзыдэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі папрасіў у Міжнароднага крымінальнага суду дазволу не арыштоўваць кіраўніка Расеі па прыезьдзе ў Ёханэсбург на саміт BRICS.

Канцылярыя прэзыдэнта Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (ПАР) Сірыла Рамапоса сьцьвярджае, што Ўладзімір Пуцін не наведае саміт BRICS у гэтай рэспубліцы, паведамляе Reuters.

Расія будзе прадстаўлена на саміце міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым. Гэтае рашэньне, як паведамілі ў офісе прэзыдэнта ПАР, было прынятае па «па ўзаемнай згодзе» краін.

Раней Сірыл Рамапоса папрасіў у Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) дазволу не арыштоўваць Пуціна.

Такую заяву кіраўнік ПАР зрабіў у адказе на судовы пазоў, пададзены апазыцыйным «Дэмакратычным альянсам» з мэтай прымусіць урад арыштаваць расейскага прэзыдэнта, калі той прыедзе ў Ёханэсбург на саміт BRICS.

Па словах Рамапосы, арышт Пуціна будзе раўнасільны абвяшчэньню вайны, паведамляла Reuters.

«У ПАР ёсьць відавочныя праблемы з выкананьнем просьбы аб арышце і выдачы прэзыдэнта Пуціна. Расея ясна дала зразумець, што арышт яе дзейнага прэзыдэнта будзе абвяшчэньнем вайны», — гаварылася ў заяве Рамапосы.

Ён удакладніў, што ініцыяваў кансультацыі з Міжнародным крымінальным судом (МКС) па гэтым пытаньні, але ня можа раскрыць падрабязнасьці.

У сакавіку МКС выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна па падазрэньні ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Расею.

Саміт краінаў BRICS , на які быў запрошаны Ўладзімір Пуцін, адбудзецца ў жніўні. ПАР уваходзіць у лік краін, якія падпісалі Рымскі статут, што абавязвае яе выконваць рашэньні МКС і арыштаваць Пуціна па прыезьдзе.

Раней віцэ-прэзыдэнт ПАР Пол Машаціле заявіў, што ўлады краіны пераконваюць Пуціна не прыяжджаць на саміт. Разам з тым, паводле зьвестак паўднёваафрыканскіх уладаў, Масква выказалася супраць прапановы, каб расейскую дэлегацыю на саміце ўзначальваў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў, а Індыя і Бразылія выказаліся супраць пераносу мерапрыемства ў Кітай.

Крэмль, са свайго боку, заявіў, што фармат удзелу расейскага прэзыдэнта ў сустрэчы ў Ёханэсбургу пакуль ня вызначаны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG