Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прысутнасьць ЗША ў Польшчы — найлепшы спосаб адпудзіць агрэсара», — польскі міністар абароны пра вагнэраўцаў у Беларусі


Марыюш Блашчак, архіўнае фота
Марыюш Блашчак, архіўнае фота

Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак пракамэнтаваў прысутнасьць наймітаў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» у Беларусі.

Наконт гэтага Марыюш Блашчак выказаўся падчас візыту ў ЗША.

«Прысутнасьць ЗША ў Польшчы — найлепшы спосаб адпудзіць агрэсара. Хачу падкрэсьліць, што Польшчу бароніць перадусім польскае войска.

Адсюль маё рашэньне перакінуць войскі 12-й Шчэцінскай мэханізаванай дывізіі і 11-й Любускай бранятанкавай дывізіі на ўсход для ўмацаваньня мяжы», — цытуе Блашчака Мінабароны Польшчы ў Twitter.

Як чакаецца, падчас візыту ў ЗША Марыюш Блашчак возьме ўдзел у пасяджэньні кантактнай групы па падтрымцы Ўкраіны, якая каардынуе пастаўкі вайсковай тэхнікі ва Ўкраіну (група «Рамштайн»).

Агулам паводле Мінабароны Польшчы ў сустрэчы пад старшынствам міністра абароны ЗША Лойда Остына ўдзельнічаюць больш за 40 краін.

15 ліпеня Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны пацьвердзіла інфармацыю аб перакіданьні баевікоў «Вагнэра» на тэрыторыю Беларусі.

Афіцыйныя асобы Літвы і Польшчы 15 ліпеня паведамілі, што сочаць за разьвіцьцём сытуацыі з прыходам расейскіх наймітаў у Беларусь.

Паводле ацэнак Галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, у Беларусь прыбылі 500–700 вагнэраўцаў.

Разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі наймітаў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» мяняе сытуацыю зь бясьпекай Літвы, заявіў прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа.

«Улічваючы, што Беларусь даволі невялікая дзяржава, зьмяніць пляны і перакінуць іх (вагнэраўцаў) да заходніх межаў — справа некалькіх гадзін», — цытуе Наўседу партал навінаў Delfi.

Разам з тым, паводле палітыка, наяўных у Літвы сродкаў бясьпекі дастаткова, каб супрацьстаяць патэнцыйнай пагрозе.

14 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі заявіла аб выпрацоўцы сумесна з кіраўніцтвам ПВК «Вагнэр» «дарожнай мапы на бліжэйшую пэрспэктыву па падрыхтоўцы і перадачы досьведу паміж падразьдзяленьнямі розных родаў войскаў».

Прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі апублікавала сюжэт ведамаснай тэлекампаніі «ВаенТВ», зь якога вынікала, што вагнэраўцы ўжо трэнуюць у Беларусі падразьдзяленьні тэрытарыяльных войскаў.

На працягу наступных некалькіх дзён зафіксавалі перамяшчэньне ў лягер пад Асіповічамі (Магілёўская вобласьць) чатырох калён тэхнікі ПВК «Вагнэр», агулам каля 200 адзінак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG