Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анджэй Дуда: У выпадку неабходнасьці NATO перакіне ў Польшчу сто тысяч салдатаў


Анджэй Дуда і Джо Байдэн, Варшава, люты 2023
Анджэй Дуда і Джо Байдэн, Варшава, люты 2023

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда па заканчэньні саміту NATO ў Вільні паведаміў пра дамоўленасьць аб тым, што ў выпадку неабходнасьці на тэрыторыю Польшчы перакінуць 100 тысяч салдатаў іншых дзяржаваў Паўночнаатлянтычнага альянсу.

Пра гэта паведамляе тэлеканал «Белсат».

«Маецца на ўвазе, што калі б здарыўся напад, напрыклад, на Берасьцейскую браму, можна было б разьлічваць на тое, што каля 100 тысячаў салдатаў Альянсу былі б накіраваныя на нашую тэрыторыю для неадкладнай абароны», — адзначыў Анджэй Дуда.

Ён дадаў, што гэта прынцыпы, якія зараз прымаюцца і зацьвярджаюцца Альянсам у рамках яго абарончых плянаў.

Анджэй Дуда падкрэсьліў, што ў выніковым камюніке Беларусь згадвалася пяць разоў, з асаблівым акцэнтам на так званай Берасьцейскай браме як зоне стратэгічнай і ваеннай пагрозы, якая будзе знаходзіцца пад асаблівым наглядам NATO.

Адначасова прэзыдэнт Польшчы адзначыў, што зараз адбываецца зьмена рыторыкі Альянсу ў дачыненьні да Расеі:

«Расея перастала быць абсалютна ў якой-кольвек ступені партнэрам NATO. Цягам многіх гадоў былі чальцы Альянсу, якія рашуча выступалі за ўключэньне ў дакумэнты вайскова-палітычнага саюзу гэтага найменьня Расеі як партнэра NATO».

Але пры гэтым Анджэй Дуда падкрэсьліў, што сёньня няма ніякіх сумневаў у тым, што цяпер Расея — агрэсар, што Расея сёньня — самая вялікая пагроза для краінаў NATO.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG