Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заклікала саміт NATO падтрымаць Украіну і не забывацца пра Беларусь


 Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Сьвятлана Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасьць трымаць Беларусь у цэнтры ўвагі.

Беларусь зьяўляецца ключавым фактарам бясьпекі рэгіёну, заявіла беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская 11 ліпеня на пазапраграмным мерапрыемстве па Беларусі, які праходзіць у рамках саміту NATO ў Вільні.

У сустрэчы бяруць удзел міністар замежных спраў Ісьляндыі Таўрдыс Кольбрун Рэйкф'ёрд Гільфатоўхтыр, кіраўнік МЗС Партугаліі Жуан Гоміш Кравіньню, дзяржаўны сакратар Фінляндыі Лаўры Тыерала і намесьнік кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Літвы Мантас Адаменас.

«Мы сабраліся тут на фоне сапраўды гістарычнага саміту NATO, — сказала Ціханоўская. — Гэты саміт у нейкай ступені зьяўляецца выпрабаваньнем для трансатлянтычнай супольнасьці — выпрабаваньнем на рашучасьць і адзінства. Я хачу, каб трансатлянтычная супольнасьць заставалася адзінай у падтрымцы Ўкраіны, як яна была адзінай у падтрымцы Беларусі ў 2020 годзе, з самага пачатку нашага мірнага паўстаньня. Беларусы зразумелі, што, толькі аб’яднаўшыся, мы можам спыніць тыранію і прыгнёт. Толькі абʼяднаўшыся, мы зможам пабудаваць квітнеючую і мірную будучыню для нашых народаў».

Палітык падкрэсьліла, што лічыць беларусаў «вартымі такой будучыні».

«Беларусы заслугоўваюць жыць ва ўмовах свабоды, дэмакратыі і міру. Беларусы дастойныя месца ў эўрапейскай сямʼі нацый. Гучыць як мара, але за гэтую мару варта змагацца. І я хачу, каб мы сёньня абмеркавалі, як зрабіць гэтую мару рэальнасьцю», — адзначыла яна.

Ціханоўская падзякавала Літве за дапамогу беларусам.

«Літва разам з Польшчай унесла найбольшы ўклад у нашу барацьбу за свабодную і незалежную Беларусь, прытуліла тысячы змагароў за свабоду, стала нашым голасам на міжнароднай арэне. Мы ніколі не забудзем», — запэўніла яна.

Ціханоўская падкрэсьліла, што цяпер усе погляды зьвернутыя на Ўкраіну і Расею.

«Але часта забываюць, што Беларусь зьяўляецца часткай гэтай галаваломкі бясьпекі, якую мы спрабуем вырашыць. Мне цалкам зразумела, што без свабоднай дэмакратычнай Беларусі ня можа быць бясьпечнай Эўропы. Беларусь — ключавы фактар бясьпекі нашага рэгіёну, — сказала Ціханоўская. — Расея даўно гэта зразумела... Вось чаму яна так шмат укладвае ў падтрымку нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі, каб павялічыць яго залежнасьць і ператварыць у свой уласны інструмэнт».

Паводле яе, у 2020 годзе беларусаў выбралі «дэмакратыю замест тыраніі, вяршэнства закону замест беззаконьня і Эўропу замест панаваньня Расеі».

«Гэта прама пагражала імпэрскім амбіцыям Расеі. Расея адрэагавала на мірныя пратэсты ў Беларусі, даўшы Лукашэнку ўсю палітычную, вайсковую і фінансавую падтрымку, неабходную яму, каб застацца ва ўладзе, — нагадала палітык. — Пры падтрымцы Пуціна рэжым развязаў тэрор супраць беларускага народу. Адчуваючы сябе беспакараным, рэжым пачаў тэрарызаваць суседзяў, зганяць самалёты і арганізоўваць міграцыйны крызіс. Беларускі крызіс перакінуўся на ўвесь рэгіён. Рэжым Лукашэнкі стаў інструмэнтам расейскай агрэсіі супраць Украіны, саўдзельнікам расейскіх вайсковых злачынстваў».

Ціханоўская таксама адзначыла, што Расея «павольна, але няўхільна зацягвае» Беларусь. У краіне разьмешчаны расейскія войскі, «вось-вось будзе разгорнутая расейская ядзерная зброя».

«Гэта парушае пагадненьне аб нераспаўсюджаньні, Будапэшцкі мэмарандум, Канстытуцыю Беларусі і, самае галоўнае, ідзе супраць волі беларускага народу. Паводле апытаньняў, толькі 20% беларусаў падтрымліваюць разьмяшчэньне ядзернай зброі. Толькі 4% падтрымліваюць абʼяднаньне Беларусі і Расеі. Толькі 3% лічаць, што беларускае войска павінна ўступіць у вайну супраць Украіны. Гэтыя лічбы паказваюць, што беларусы не падтрымліваюць расейскіх імпэрскіх амбіцый, нягледзячы на прапаганду, якая прамывае мазгі», — заявіла Ціханоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG