Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі расказалі, у якіх выпадках іншаземцам адмаўляюць ва ўезьдзе ў краіну. З гэтым сутыкнуліся і беларусы

Беларуская дыяспара ў Грузіі сьвяткуе Дзень Волі. 25 сакавіка 2023
Беларуская дыяспара ў Грузіі сьвяткуе Дзень Волі. 25 сакавіка 2023

Беларусаў усё часьцей не пускаюць у Грузію пры спробе «візавага абнуленьня».

Служба дзяржбясьпекі Грузіі назвала асноўныя прычыны, зь якіх іншаземцам, у тым ліку беларусам, можа быць адмоўлена ва ўезьдзе ў краіну. У справаздачы, пададзенай парлямэнту, пазначана, што ў Грузію не ўпусьцілі «сотні» замежных грамадзян. Аб гэтым са спасылкай на дакумэнт піша newsgeorgia.ge.

Сярод асноўных прычын, зь якіх іншаземцы ня могуць трапіць у Грузію, СДБ называе:

  • парушэньне заканадаўства Грузіі аб акупацыі (наведваньне самаабвешчанай Абхазіі і Цхінвальскага рэгіёну);
  • калі паступіла інфармацыя-папярэджаньне ад краін-партнэраў;
  • апэратыўная інфармацыя аб плянаваньні правакацыйных дзеяньняў;
  • апэратыўная інфармацыя аб адкрытым выказваньні ўстановак, якія наносяць шкоду інтарэсам Грузіі.

У ведамстве дадалі, што летась у Грузіі выявілі некалькі іншаземцаў, якія спрабавалі атрымаць «пэўную катэгорыю інфармацыі» і рабілі падазроныя фота і відэа розных абʼектаў, у тым ліку стратэгічных і рэжымных. Іх дзейнасьць на тэрыторыі Грузіі была абмежаваная.

З выпадкамі адмовы ва ўезьдзе ў Грузію пэрыядычна сутыкаюцца грамадзяне Беларусі, у тым ліку тыя, хто ўжо пэўны час пражываў у краіне. Пры гэтым ім звычайна не тлумачаць прычыны адмовы.

Так адбылося, напрыклад, з заснавальнікам беларускай дыяспары Аджарыі, айцішнікам Яўгенам Гацаком. Увесну ён адправіўся ў Турэччыну, каб «абнуліць візу» (іншаземцам без ДНЖ у Грузіі трэба выяжджаць раз на год, потым можна вярнуцца і жыць яшчэ год). Але на зваротным шляху яму адмовілі ва ўезьдзе ў Грузію «зь іншых прычынаў».

На наступны дзень ён паспрабаваў паўторна ўехаць у Грузію і, зноўку атрымаўшы адмову, запрасіў міжнародную абарону. Цяпер беларус разам зь сямʼёй знаходзіцца ў Польшчы.

Падобныя выпадкі ўжо здараліся і раней, у тым ліку зь фігурантамі палітычных крымінальных спраў, заведзеных у Беларусі. Як расказаў беларускі юрыст, праваабаронца, прадстаўнік беларускай дыяспары Аджарыі Раман Кісьляк, «гісторый, якія не выходзяць на публіку, шмат».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG