«Я ведаю, ад каго пайшла гэтая інфармацыя. Не ад яе [Ціханоўскай]», — сказаў Лукашэнка ў адказ на пытаньне аб чутках наконт сьмерці мужа былога кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, Сяргея.
Раней Ціханоўская паведаміла, што атрымала ананімнае паведамленьне з інфармацыяй, што яе муж Сяргей нібыта памёр у жодзінскай турме.
На думку Лукашэнкі, гэтыя зьвесткі былі наўмысным укідам, каб перабіць нейкую іншую тэму, піша ТАСС.
«Каб тэму перабіць, яны ўкінулі гэтую гучную заяву. Але я ведаю, адкуль ногі растуць», — заявіў Лукашэнка, прапанаваўшы «паказаць цела» Ціханоўскага, калі гэта праўда.
Лукашэнка таксама расказаў пра палітзьняволенага Віктара Бабарыку. Ён паведаміў, што асабіста пацікавіўся пра ягонае здароўе.
«Пытаюся міністра: „А што зь Віктарам Бабарыкам?“ — „Нармальна, у калёніі. Ці то нешта шые, ці то ў кацельні паліць“», — пераказаў Лукашэнка тую размова.
На сустрэчы карэспандэнт ВВС Стыў Розэнбэрг таксама спытаў Лукашэнку пра палітзьняволеную Марыю Калеснікавую, ад якой доўгі час няма ніякіх навін. Лукашэнка адказаў, што нічога пра гэта ня ведае.
Стыў Розэнбэрг таксама спытаў у Лукашэнкі, чаму ў Беларусі так вырасла колькасьць палітвязьняў. «У апошні раз, калі я браў у вас інтэрвію восеньню 2021 года, у Беларусі было 873 палітычных зьняволеных. Цяпер іх 1500», — адзначыў брытанскі журналіст. Лукашэнка адрэагаваў: «У нашым Крымінальным кодэксе няма артыкулу аб палітычных злачынствах».