Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Шаўчэнкаўскім судзе Кіева абвінавачаны ў справе аб тэракце ўчыніў выбух. Ён загінуў, двое паліцыянтаў параненыя

 Кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка
Кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка

У Шаўчэнкаўскім судзе Кіева 5 ліпеня адбыўся выбух, паведаміла Нацыянальная паліцыя Ўкраіны.

Паводле крыніцы РБК-Украіна, выбух меркавана ўчыніў мужчына, які кінуў у 2015 годзе гранату ў супрацоўнікаў Нацгвардыі перад Вярхоўнай Радай. Яго клічуць Ігар Гумянюк, ён ваяваў у добраахвотніцкім батальёне «Січ».

Судзьдзя Ірына Фралова пацьвердзіла выданьню «Грати», што выбух учыніў Ігар Гумянюк. Адвакат Гуменюка Аляксандар Сьвірыдоўскі расказаў выданьню, што ягонаму падабароннаму, які знаходзіцца ў СІЗА амаль 8 гадоў, працягнулі арышт. У момант выбуху ён знаходзіўся ў канцылярыі разам з канвойным.

Паводле інфармацыі Офіса генпракурора Ўкраіны, абвінавачаны, якога даставілі ў суд, знаходзячыся ў прыбіральні, зьдзейсьніў спробу ўцёкаў з-пад варты. Пры гэтым ён выкарыстаў неўстаноўленую выбуховую прыладу, пасьля чаго зачыніўся ў канвойным памяшканьні. Пачалі дасудовае расьсьледаваньне па факце спробы ўцёкаў падсуднага з-пад варты.

Кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка пазьней паведаміў, што мужчына, які ўчыніў выбух, загінуў на месцы здарэньня. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён падарваў сябе. Падчас штурму памяшканьня параненыя двое байцоў падразьдзяленьня асаблівага прызначэньня Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.

Паводле адваката, Гумянюк пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну прасіў аб вызваленьні з-пад варты, каб адправіцца на фронт, але яму адмовілі.

«Ён хацеў ваяваць, неаднойчы зьвяртаўся. Але, бачыце, маем, што маем, — сказаў Сьвірыдоўскі. — У яго ўжо гады два як прыгнечаны настрой». Пры гэтым, як указвае адвакат, нічога не прадвяшчала сёньняшняга здарэньня. У судзе абаронца даказваў, што Гуменюка неабходна адпусьціць з-пад арышту.

31 жніўня 2015 году Вярхоўная Рада Ўкраіны ў першым чытаньні ўхваліла прэзыдэнцкі законапраект аб унясеньні зьменаў у Канстытуцыю ў частцы дэцэнтралізацыі ўлады. Пасьля гэтага каля будынку ўкраінскага парлямэнту пачаліся сутыкненьні мітынгоўцаў, якія выступалі супраць законапраекту, зь сілавікамі.

У выніку сутыкненьняў і кінутай у праваахоўнікаў гранаты загінулі тры нацгвардзейцы, пацярпелі больш за 140 праваахоўнікаў і цывільных. Пасьля гэтага арыштавалі 9 чалавек, сярод іх быў Ігар Гумянюк. Менавіта яго сьледчыя падазраюць у тым, што ён кінуў баявую гранату ў супрацоўнікаў Нацгвардыі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG