Міжнароднае агенцтва сацыяльных і маркетынгавых дасьледаваньняў (МАСМІ) правяло апытаньне, каб высьветліць, як жыхары Беларусі ставяцца да рэклямы на беларускай мове. Вынікі апытаньня публікуе Myfin.by.
Дасьледаваньне было выканана ўвесну 2023 году, у рамках яго правялі асабістыя інтэрвію з 1000 мужчын і жанчын ва ўзросьце ад 18 да 64 гадоў, якія стала пражываюць у Менску, абласных цэнтрах і іншых населеных пунктах.
Дасьледаваньне паказала, што 39% апытаных станоўча ставяцца да рэклямы на беларускай мове (часьцей за астатніх — людзі ва ўзроставай групе ад 55 да 64 гадоў). Палова рэспандэнтаў (52%) нэўтральна ставіцца да такой рэклямы, 9% выказалі сваё нэгатыўнае стаўленьне.
63% апытаных зазначаюць, што так ці інакш зьвярнулі б увагу на тавар з пазнакай «Купляйце беларускае», «Зроблена ў Беларусі», 19% апытаных не зьвяртаюць на гэта ўвагі. Жанчыны часьцей за мужчын абіраюць тавары з падобнымі пазнакамі, сярод узроставых групаў — часьцей за астатніх зьвяртаюць увагу на такія тавары людзі ва ўзроставай групе ад 45 да 54 гадоў (52%), часьцей не зьвяртаюць увагі — людзі ва ўзросьце ад 25 да 34 гадоў (24%).
Рэспандэнты больш за ўсё згодныя з такімі выказваньнямі, як:
- «Рэкляма на беларускай мове — гэта нешта роднае, душэўнае і блізкае мне».
- «Я адчуваю павагу да кампаній, якія ствараюць рэкляму на беларускай мове».
У той жа час палова апытаных лічыць, што рэкляма на беларускай мове нічым не адрозьніваецца ад астатняй рэклямы. Часьцей за астатніх з выказваньнем «Я адчуваю павагу да кампаній, якія ствараюць рэкляму на беларускай мове», згодныя жанчыны і ўзроставая група ад 55 да 64 гадоў.
З тым, што рэкляма на беларускай мове мае больш шанцаў запомніцца, часьцей за астатніх згодныя людзі ва ўзроставай групе ад 45 да 54 гадоў.
У той жа час амаль палова апытаных адзначылі, што пры іншых роўных умовах зьвернуць увагу на тавар з назвай (43%) і рэклямай (46%) на расейскай мове. А вось у сытуацыі зь лягатыпам практычна роўная колькасьць — на лягатып на расейскай (38%) ці беларускай (34%) мовах. Пры гэтым часьцей лягатып на расейскай мове адзначае маладое пакаленьне, а на беларускай — узроставая група ад 45 да 54 гадоў.