Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыняты ва Ўкраіне закон не забараняе ўвозіць для продажу выдадзеныя за мяжой кнігі беларускіх аўтараў — Беларускі ПЭН


Тацьцяна Нядбай
Тацьцяна Нядбай

Кнігі беларускіх аўтараў, выдадзеныя за мяжой, можна будзе ўвозіць ва Ўкраіну для продажу, паведаміла BPN старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай.

Такім чынам яна пракамэнтавала падпісаны напярэдадні прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім закон «Аб унясеньні зьменаў у некаторыя законы Ўкраіны аб усталяваньні абмежаваньняў на ўвоз і распаўсюд выдавецкай прадукцыі, якая тычыцца дзяржавы-агрэсара, Рэспублікі Беларусь, часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны».

Паводле слоў Нядбай, у адпаведнасьці з законам будзе ўлічвацца грамадзянства аўтара кнігі: «Калі аўтар зьяўляецца грамадзянінам краіны-агрэсара (Расеі), тады такія кнігі для распаўсюду ўвезьці будзе нельга».

Кнігі грамадзянаў Беларусі, што выйшлі за мяжой, можна будзе ўвозіць пры ўмове, што яны выдадзеныя на беларускай мове.

«Аднак гэта будзе працаваць да той пары, пакуль (калі) Беларусь не прызнаюць краінай-агрэсарам. Кнігі на расейскай мове, паколькі расейская — дзяржаўная мова краіны-агрэсара (суразмоўца адмыслова ўжывае тэрмін „расейская“ замест „руская“. — BPN.) могуць быць увезеныя для распаўсюду толькі пры наяўнасьці спэцыяльнага дазволу», — адзначыла Нядбай.

Старшыня Беларускага ПЭНу падкрэсьліла, што «для прыватнага ўжытку» фізычныя асобы могуць і надалей увозіць ва Ўкраіну кнігі — да 10 адзінак — незалежна ад месца выданьня і грамадзянства аўтара, калі яны ня ўнесеныя ў рэестар выданьняў з антыўкраінскім зьместам.

22 чэрвеня Зяленскі паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што падпісаў згаданы закон і лічыць яго «правільным». Тэкст гэтага дакумэнта, паводле яго слоў, накіраваны «інстытутам ЭЗ для дадатковай ацэнкі ў кантэксьце рэкамэндацыі заключэньня Эўрапейскай камісіі па заяўцы Ўкраіны на сяброўства ЭЗ». Палітык чакае ад іх ацэнкі, «ці могуць асобныя нормы закону паўплываць на выкананьне абавязаньняў Украіны абараняць правы меншасьцяў, у прыватнасьці іх права карыстацца нацыянальнай мовай».

Сёлета ў траўні на сайце ўкраінскага прэзыдэнта была зарэгістраваная пэтыцыя з патрабаваньнем падпісаць згаданы закон, які Вярхоўная Рада прыняла яшчэ 19 чэрвеня 2022-га.

Сярод іншага, закон забараняе «ўвоз на мытную тэрыторыю Ўкраіны і (або) распаўсюд на тэрыторыі Ўкраіны выдавецкай прадукцыі, якая мае паходжаньне, выраблена і (або) выпушчана, і (або) увозіцца з тэрыторыі дзяржавы-агрэсара (Расеі. — BPN.), Рэспублікі Беларусь, часова акупаванай тэрыторыі Украіны, ...а таксама кніжных выданьняў, што ўтрымліваюць творы, аўтары якіх зьяўляюцца або былі ў любы пэрыяд пасьля 1991 грамадзянамі дзяржавы-агрэсара, за выключэньнем былых грамадзян дзяржавы-агрэсара, якія на момант сьмерці былі грамадзянамі Ўкраіны і ня мелі грамадзянства дзяржавы-агрэсара».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG