Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экіпаж субмарыны «Тытан» прызналі загінулым


Міні-субмарына «Тытан»
Міні-субмарына «Тытан»

Пяць чалавек, якія былі на борце міні-субмарыны «Тытан», якая зьнікла ў Паўночнай Атлянтыцы, відавочна, загінулі.

Пра гэта ў чацьвер абвясьціла кампанія, якая арганізавала тур да абломкаў ляйнэра «Тытанік», і берагавая ахова ЗША, якая ўдзельнічала ў пошуках батыскафа.

Стоктан Раш, Шагзада Давуд і яго сын Сулейман Давуд, Гэміш Гардынг і Поль-Анры Наржале
Стоктан Раш, Шагзада Давуд і яго сын Сулейман Давуд, Гэміш Гардынг і Поль-Анры Наржале

«Цяпер мы лічым, што наш генэральны дырэктар Стоктан Раш, Шагзада Давуд і яго сын Сулейман Давуд, Гэміш Гардынг і Поль-Анры Наржале, на жаль, загінулі. Гэтыя людзі былі сапраўднымі дасьледнікамі, якія падзялялі асаблівы дух прыгодаў і глыбокі імпэт да дасьледаваньня і абароны Сусьветнага акіяну», — заявілі ў кампаніі OceanGate.

Заявы апублікавалі пасьля таго, як падчас выратавальнай апэрацыі былі знойдзеныя абломкі. Спэцыялісты пасьля пацьвердзілі, што ідзецца пра абломкі батыскафа «Тытан». Іх знайшлі на дне менш чым за кілямэтар ад патанулага «Тытаніку». Відавочна, што батыскаф на глыбіні быў раздушаны гіганцкім ціскам вады і разбурыўся. Калі гэта адбылося і чаму — пакуль ня высьветлена. Пра адшуканьне целаў або іх фрагмэнтаў не паведамлялі.

Сёньня, паводле папярэдніх ацэнак, на борце батыскафу, сувязь з якім зьнікла некалькі дзён таму, павінен быў скончыцца кісларод. Пошукі, аднак, працягваліся, бо кіслароду тэарэтычна магло б хапіць на большы час. У пошуках удзельнічалі амэрыканскія і канадзкія вайсковыя самалёты, караблі берагавой аховы і падводныя робаты. Глыбіня ў раёне пошукаў да 4 кілямэтраў.

Сувязь з «Тытанам» зьнікла ў нядзелю, неўзабаве пасьля таго, як ён пачаў спускацца да абломкаў патанулага ў 1912 году трансатлянтычнага ляйнэра «Тытанік». На борце батыскафа былі пяць чалавек, у тым ліку брытанскі бізнэсовец Гэміш Гардынг, бізнэсовец з Пакістану Шагзада Давуд і яго сын Сулейман, заснавальнік OceanGate Expeditions Стоктан Раш і французскі пілёт-падводнік Поль-Анры Наржале.

  • «Тытанік» — самы буйны і раскошны пасажырскі карабель свайго часу — пацярпеў катастрофу пры рэйсе з Саўтгэмптану ў Нью-Ёрк у 1912 году, сутыкнуўшыся з айсбэргам. На борце «Тытаніка» былі 2200 пасажыраў і чальцоў экіпажу. Больш за 1500 зь іх загінулі. Абломкі вадаплава былі знойдзеныя ў 1985 годзе. З таго часу іх актыўна дасьледуюць, яны вабяць турыстаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG