Ратавальнікі накіравалі дадатковыя караблі і судны ў раён, дзе зьнік падводны апарат, які рухаўся да месца крушэньня «Тытаніка».
Яны спадзяюцца, што падводныя шумы, якія яны фіксуюць ужо два дні запар, дапамогуць звузіць раён пошуку «Тытана».
На борце падводнага апарата знаходзяцца пяць чалавек.
Аднак нават аптымісты папярэджваюць аб шматлікіх перашкодах.
Пошукавым групам трэба дакладна вызначыць месцазнаходжаньне судна, дабрацца да яго і падняць на паверхню.
Паводле некаторых ацэнак, кісларод на судне можа скончыцца ўжо ў чацьвер раніцай.
Экспэрты мяркуюць, што апарат яшчэ цэлы, але колькасьць паветра залежыць таксама ад таго, ці захоўвае экіпаж спакой. Берагавая ахова заявіла, што падводныя апараты з дыстанцыйным кіраваньнем, якія шукалі там, дзе выявілі шумы, не далі вынікаў, і чыноўнікі папярэдзілі, што гукі маглі паходзіць не з «Тытана».
ВМС ЗША адправілі на месца спэцыяльную выратавальную сістэму, прызначаную для пад’ёму вялікіх падводных аб’ектаў.