Выданьне спасылаецца на былога палітвязьня Валянціна Лабачова, які атрымаў гэтую інфармацыю ад сваякоў аднаго з палітвязьняў.
«Віктар Бабарыка, магчыма, перанёс інсульт, і ў яго прабіта лёгкае», — прыводзіць словы вязьняў калёніі «Наша ніва». Паводле інфармацыі з калёніі, Бабарыка дагэтуль не вярнуўся туды.
Сам Лабачоў мяркуе, што калі б у Віктара Бабарыкі ўсё было добра са здароўем, то праўладныя каналы ўжо б паказалі, як ён выглядае, як гэта было з Марыяй Калесьнікавай. «А тут два месяцы нічога не вядома пра чалавека. Ці значыць гэта, што ён часткова ці цалкам паралізаваны?» — задаецца пытаньнем былы палітвязень.
«Бабарыка знаходзіцца ў Калядзічах у Рэспубліканскім шпіталі для зьняволеных», — мяркуе Лабачоў.
Таксама яму расказалі, што журналіст Свабоды Ігар Лосік будзе найбліжэйшым часам пераведзены на турэмны рэжым: «Таму што ён знаходзіцца ў ПКТ зь лютага, а трымаць там могуць толькі да паўгода, з ПКТ у атрад ужо не вяртаюцца. Таму месяц-два, і ён будзе ўжо на так званай „крытай турме“».
Рэдакцыя Свабоды спрабуе спраўдзіць гэтую інфармацыю зь іншых крыніцаў.
Ужо больш за месяц пра асуджанага на 14 гадоў калёніі Віктара Бабарыку нічога не вядома. Мяркуючы па наяўнай інфармацыі, у ноч з 24 на 25 красавіка яго шпіталізавалі ў лякарню Наваполацку.
12 траўня ад праваабаронцаў зьявілася інфармацыя, што да свайго атраду ў наваполацкай калёніі ён нібыта ўжо не прыпісаны, а потым — што яго нібыта перавялі ў турэмны шпіталь пры СІЗА-1 у Менску.
17 траўня адбылося масавае затрыманьне мэдыкаў у Цэнтральным гарадзкім шпіталі Наваполацку, у які даставілі былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта і адкуль падпольны «Рабочы рух» атрымаў інфармацыю пра яго шпіталізацыю. Многім мэдыкам далі ад 10 да 15 сутак. Некаторым выпісалі штрафы.
У прыватнасьці, вядома, што хірурга Міхаіла Пачкоўскага і ўроляга Паўла Стальмакова арыштавалі на 15 сутак, загадчыцу аддзяленьня гінэкалёгіі Ірыну Васільеву і фэльчарку хуткай дапамогі Натальлю Первянёнак — на 10 сутак, а доктарку Алу Стальмакову аштрафавалі на 100 базавых велічыняў (3700 рублёў).
Потым мэдыкаў звольнілі за прагулы, паведамляў тэлеграм-канал «Белые халаты».
Кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка вылучыў сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкія выбары 2020 году і сабраў рэкордную колькасьць подпісаў выбарнікаў. Аднак у чэрвені 2020 году яго арыштавалі, а Цэнтравыбаркам адмовіў яму ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.