Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Маскве пакараў сьпевака Грабеншчыкова за тое, што ён назваў дзеяньні Расеі ва Ўкраіне «фашызмам»


Барыс Грабеншчыкоў. Архіўнае фота
Барыс Грабеншчыкоў. Архіўнае фота

Паводле матэрыялаў справы, заяву на Грабеншчыкова напісаў дэпутат Дзярждумы ад «Единой России».

Суд у Маскве аштрафаваў паэта і музыку Барыса Грабеншчыкова на 50 тысяч рублёў паводле артыкулу аб дыскрэдытацыі арміі, паведамляе расейскі сайт «Медиазона».

Паводле матэрыялаў справы, заяву на Грабеншчыкова напісаў дэпутат Дзярждумы ад «Единой России» Бійсултан Хамазаў. Ён прасіў праверыць інтэрвію Грабеншчыкова ізраільскаму «9 каналу», у якім той назваў дзеяньні Расеі ва Ўкраіне фашызмам.

У судзе прадстаўнік Грабеншчыкова заявіў, што падчас інтэрвію музыка «выказваў сваю асабістую думку, ён ня мае доступу ні да якіх каналаў». Акрамя таго, паводле абароны, Грабеншчыкоў робіць «усе намаганьні да таго, каб матэрыял быў выдалены».

Грабеншчыкоў — лідэр групы «Аквариум», адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў расейскага року. Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну музыка выехаў са сваёй краіны. Ён неаднаразова выступаў з антываеннымі выказваньнямі, у тым ліку на сваіх канцэртах, якія ён дае за мяжой.

Дыскрэдытацыяй расейскія суды прызнаюць любыя антываенныя выступленьні або паведамленьні аб удзеле расейскіх войскаў у ваенных злачынствах.

Адміністрацыйны артыкул аб дыскрэдытацыі расейскай арміі зьявіўся неўзабаве пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну. Дыскрэдытацыяй у Расеі лічыцца, напрыклад, ужываньне слова «вайна», а не «спэцыяльная ваенная апэрацыя», як прыдумалі расейскія ўлады называць іх дзеяньні ва Ўкраіне.

Артыкул прадугледжвае штраф да 50 тысяч рублёў, за паўторнае яго парушэньне пагражае крымінальная справа з пакараньнем да 5 гадоў калёніі.

За год вайны ў Расеі завялі больш за 6 тысяч спраў аб «дыскрэдытацыі» расейскай арміі, падлічыла «Медиазона».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG